Нацбанк мае намер рэгуляваць рынак спажывецкага крэдытавання



Нацыянальны банк плануе рэгуляваць рынак спажывецкага крэдытавання ў 2018 годзе. Паводле інфармацыі БелаПАН, рэгулятар мае намер уводзіць новыя інструменты макрапрудэнцыйнага рэгулявання, адзін з якіх закране рынак спажывецкіх крэдытаў.

У 2017 годзе абём спажывецкага крэдытавання ў Беларусі вырас на 75%, і на пачатак гэтага года запазычанасць насельніцтва па такіх крэдытах перавысіла 3 млрд рублёў.

Паводле інфармацыі БелаПАН, Нацбанк у 2018 годзе плануе ўкараняць у банкаўскую практыку некалькі інструментаў макрапрудэнцыйнага рэгулявання, у тым ліку адзін з іх — PTI (payment-to-income) — закране рынак спажывецкага крэдытавання. Гэты каэфіцыент адлюстроўвае суадносіны памеру штомесячнага плацяжу кліента па аперацыях крэдытнага характару (payment) з сярэднямесячным прыбыткам крэдытаатрымальніка (income).

„Логіка такая, што банк пры прыняцці рашэнняў аб выдачы крэдыту павінен будзе мець інфармацыю пра даходы патэнцыйнага пазычальніка і суадносіць гэтыя звесткі з велічынёй крэдытнай запазычанасці”, — растлумачыў БелаПАН эксперт у фінансавых колах.

Між тым прадстаўнікі банкаўскага сектара адзначаюць, што ў Беларусі рэальны даход (income) крэдытаатрымальніка не заўсёды адпавядае яго афіцыйнай зарплаце.

„Звесткі, якія паступаюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, адлюстроўваюць толькі зарплату, што атрымліваюць афіцыйна ўладкаваныя на працу работнікі. Аднак у краіне шмат самазанятых, частка работнікаў атрымліваюць зарплату „ў канвертах”, таму ў шэрагу выпадкаў рэальны даход грамадзян адрозніваецца ад афіцыйна дэклараванага”, — адзначыў БелаПАН прадстаўнік аднаго з банкаў.

На яго думку, уплыў новага інструмента макрапрудэнцыйнага рэгулявання на рынак спажывецкага крэдытавання будзе залежаць ад таго, якім чынам яго будуць укараняць.

Беларускія эканамісты лічаць, што попыт насельніцтва на спажывецкія крэдыты ў 2018 годзе захаваецца. Пры гэтым эксперты не выключаюць, што Нацбанк можа ўмяшацца ў сітуацыю, калі высокі попыт на спажывецкія крэдыты будзе ствараць негатыўныя макраэканамічныя эфекты.

БелаПАН