Нацбанк: Насельніцтва ў найбліжэйшы год чакае інфляцыю на ўзроўні 11,5%



 Інфляцыйныя чаканні сталі паступова зніжацца, але ўсё яшчэ застаюцца на высокім узроўні, сведчаць вынікі новага даследавання Нацыянальнага банка.

У аглядзе, заснаваным на апытанні насельніцтва, рэгулятар паведамляе, што ў траўні адчувальны насельніцтвам узровень інфляцыі (за апошнія 12 месяцаў) склаў 12,2% супраць 12,5% у лютым.

Таксама некалькі запаволіўся чаканы ўзровень інфляцыі. Вынікі новага апытання Нацбанка сведчаць, што чаканы насельніцтвам узровень інфляцыі (у бліжэйшыя 12 месяцаў) у траўні склаў 11,5% супраць 11,9% у лютым.

Нагадаем, у траўні інфляцыя ў Беларусі склалася на ўзроўні 0,3%, з пачатку года — 3%, а ў гадавым вымярэнні (у параўнанні з маем 2018 года) — 6,2%. Беларускія ўлады разлічваюць у 2019 годзе ўтрымаць інфляцыю на адзнацы 5% (у 2018 годзе яна склала 5,6%).

Нацыянальны банк спадзяецца, што высокія інфляцыйныя чаканні, якія звязаныя з нераўнамерным ростам цэнаў на тавары і прадукты, у будучыні паступова запаволяцца да ўзроўню фактычнай інфляцыі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын падчас лютаўскай прэс-канферэнцыі паведаміў, што рэгулятар плануе прымаць меры, скіраваныя на зніжэнне ўзроўню інфляцыйных чаканняў. „Сярэднетэрміновая мэта — замацаваць велічыню інфляцыйных чаканняў на ўзроўні фактычнай інфляцыі. Адпаведна наша задача — задаць трэнд зніжэння інфляцыйных чаканняў да ўзроўню фактычнай інфляцыі”, — сказаў Мурын.

Каб гэта адбылося, беларускія ўлады маюць намер праводзіць каардынацыю дзеянняў у сферы цэнавага рэгулявання.

Паводле звестак БелаПАН, ужо падрыхтаваны праект дзяржаўнага рашэння, які прадугледжвае, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання стане каардынатарам цэнавай палітыкі ў краіне. Гэтую прапанову Нацыянальны банк падтрымлівае.

„Калі гаворка ідзе пра рэгуляваныя цэны, у нас павінен быць адзін орган, які каардынуе адпаведную працу. Маецца на ўвазе рэгуляванне цэн на манаполіі і на тых рынках, якія неканкурэнтныя”, — адзначаў раней старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.

belapan.by