Нацбанк не стаў каментаваць чуткі пра адстаўку Калаура
Здагадкі тэлеграм-каналаў пра магчымую адстаўку старшыні праўлення Паўла Калаура Нацбанк не каментуе.
„Павел Уладзіміравіч на працоўным месцы. Чуткі мы не каментуем”, — гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным упраўленнем інфармацыі Нацбанка.
Чуткі аб магчымых кадравых зменах у кіраўніцтве Нацбанка сталі цыркуляваць у інтэрнэце ў пачатку года.
У красавіку, каментуючы падчас прэс-канферэнцыі магчымасць сваёй адстаўкі, Калаур даў зразумець, што пакідаць цяперашняе месца працы не плануе: „Рана мне займацца рыбалкай, мяркую, у мяне дастаткова сіл і ведаў, каб быць карысным грамадству”.
Цяперашні старшыня праўлення Нацбанка заняў гэтую пасаду ў снежні 2014 года на фоне валютнага крызісу. Летам мінулага года споўнілася 2.000 дзён яго працы на пасадзе.
У снежні 2018 года падчас прэс-канферэнцыі карэспандэнт БелаПАН спытаў у Калаура, якім ён хоча ўвайсці ў гісторыю.
„Я хацеў бы, каб і мае дзеянні, і рашэнні праўлення, і ўсяго Нацбанка ўспрымаліся ў грамадстве як адказныя і прафесійныя. І каб да нашых дзеянняў быў давер у грамадстве. Гэта тое, дзеля чаго варта працаваць”, — сказаў Калаур.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што місію Нацбанка бачыць не толькі ў забеспячэнні цэнавай стабільнасці.
„У заканадаўстве замацаваная персанальная адказнасць старшыні праўлення Нацбанка за забеспячэнне фінансавай стабільнасці. Мы сур’ёзную ўвагу надаем гэтаму пытанню”, — заявіў Калаур.