Нацбанк не выключае росту ўнутранага дзярждоўгу ў Беларусі ў 2021 годзе
Нацыянальны банк не выключае, што рэструктурызацыя крэдытнай запазычанасці буйных прамысловых прадпрыемстваў можа прывесці да далейшага павелічэння ўнутранага дзярждоўгу ў Беларусі, паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц на прэс-канферэнцыі 15 красавіка.
„Сапраўды, рэструктурызацыя крэдытнай запазычанасці Беларускага металургічнага завода прывяла да некаторага росту ўнутранага дзярждоўгу. Што да гэтага года, у выпадку неабходнасці такія здзелкі магчымыя, калі яны будуць тычыцца стратэгічных прадпрыемстваў. Зразумела, што такія рашэнні будуць прымацца і кропкава”, — сказаў Калечыц, адказваючы на пытанні БелаПАН.
У першым квартале на ўнутраным фінансавым рынку рэалізавана дзяржаўных аблігацый на 721,02 млн долараў ЗША. Асноўны аб’ём быў размешчаны ў студзені — больш за 626 млн долараў.
Варта адзначыць, што за студзень 2021 года Мінфін прадаў валютных аблігацый на ўнутраным рынку больш, чым за ўвесь мінулы год. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта звязана з рэструктурызацыяй уладамі валютнага доўгу аднаго з буйных дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў. На думку фінансавых аналітыкаў, гэта мог быць Беларускі металургічны завод, а каштоўныя паперы выкупленыя беларускімі банкамі.
У выніку размяшчэння дзяржаблігацый, паводле апошніх звестак Мінфіна, за студзень—люты ўнутраны дзярждоўг павялічыўся на 1,9 млрд рублёў, або на 18,9%, і на 1 сакавіка склаў 11,7 млрд рублёў.