Нацбанк не задавальняе большасць заявак банкаў на даванне ліквіднасці
Нацыянальны банк абмежаваў даванне ліквіднасці камерцыйным банкам і адмовіўся задавальняць большасць такіх заявак. Пра гэта сведчаць вынікі крэдытных аўкцыёнаў, якія апублікаваныя на сайце рэгулятара.
Так, на мінулым тыдні Нацбанк правёў крэдытны аўкцыён, падчас якога банкам падаваліся крэдытныя рэсурсы на 180 дзён (6 месяцаў). Для ўдзелу ў 745-м аўкцыёне было дапушчана 26 заявак банкаў, першапачатковы попыт на крэдытныя рэсурсы складаў каля 3,7 млрд рублёў, аднак Нацбанк задаволіў заяўкі банкаў толькі на 250 млн рублёў.
Папярэдні, лютаўскі, 744-ты аўкцыён, падчас якога банкі выяўлялі попыт на шасцімесячныя крэдытныя рэсурсы Нацбанка, таксама завяршыўся незадавальненнем большасці заявак. Банкі ў лютым хацелі прыцягнуць у Нацбанка 2,1 млрд рублёў, аднак фактычна цэнтральны банк задаволіў заяўкі банкаў і выдаў ім шасцімесячныя крэдыты толькі на 200 млн рублёў.
У сакавіку гэтага года Нацбанк заявіў аб тым, што будзе абмяжоўваць грашовую прапанову для забеспячэння цэнавай стабільнасці ў краіне. „З мэтай абмежавання інфляцыі праўленнем Нацыянальнага банка прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на ўзмацненне кантролю за прыростам рублёвай грашовай базы і шырокай грашовай масы, якія ў 2021 годзе з’яўляюцца аперацыйным і прамежкавым арыенцірамі грашова-крэдытнай палітыкі адпаведна”, — падкрэслівалася ў заяве рэгулятара.
Пры гэтым удакладнялася, што падтрымка ліквіднасці банкаў „будзе ажыццяўляцца з дапамогай правядзення крэдытных аўкцыёнаў тэрмінам да 7 дзён у форме конкурсу працэнтных ставак альбо па абвешчанай працэнтнай стаўцы, а таксама штомесячных аўкцыёнаў па выдзяленні крэдытаў на тэрмін 6 месяцаў па абвешчанай працэнтнай стаўцы”.
„Аб’ём выдзялення ліквіднасці банкам будзе вызначацца зыходзячы з неабходнасці дасягнення аперацыйнай і прамежкавай мэтаў”, патрэбных для вырашэння задач грашова-крэдытнай палітыкі, удакладніў Нацбанк.
Улады заяўлялі пра планы забяспечыць у 2021 годзе інфляцыю на ўзроўні не вышэйшым за 5%. Па выніках студзеня—лютага інфляцыя паскорылася да 8,7% у гадавым выражэнні. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю патлумачыла паскарэнне інфляцыі ростам цэн на імпартныя прадукты харчавання і эфектам ад адмены падатковых ільгот для пастаўшчыкоў лекаў.
Для запаволення тэмпаў росту цэн урад у лютым узмацніў дзяржрэгуляванне цэн. Пастаўшчыкам 112 найменняў тавараў і лекаў было забаронена, пачынаючы з сакавіка, павышаць цэны больш чым на 0,2% за месяц.