Нацбанк падтрымлівае прапанову МВФ
Савет па забеспячэнні фінансавай стабільнасці, які Беларусі рэкамендуе стварыць МВФ, варта сфармаваць, заявіў на прэс-канферэнцыі 6 траўня ў Менску старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, адказваючы на пытанні БелаПАН.
„Пазіцыя Нацыянальнага банка адназначная — такі савет неабходны”, — сказаў Калаур. Ён падзякаваў экспертам красавіцкай місіі МВФ „за тое, што яны ўнеслі свае прапановы па функцыянальным напаўненні працы гэтага савета”.
„Адпаведныя прапановы накіраваныя ва ўрад, і мы разлічваем, што ўрад іх падтрымае. Мяркуецца, што сустаршынямі савета па фінансавай стабільнасці будуць старшыня Нацбанка і першы намеснік прэм’ер-міністра”, — паведаміў Калаур.
Ён адзначыў, што высновы красавіцкай місіі МВФ, якая вывучала фінансавы сектар Беларусі, Нацыянальны банк падзяляе. „У нас адбылася плённая сумесная праца, і яе вынікі мы будзем выкарыстоўваць у сваёй працы”, — растлумачыў Калаур.
Паводле інфармацыі БелаПАН, эксперты МВФ, якія ў межах красавіцкай місіі правялі серыю сустрэч з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання і банкаў, прыйшлі да высновы, што ў банкаўскай сістэме існуе павышаны ўзровень рызык, звязаных у першую чаргу з пагаршэннем фінансавага становішча дзяржпрадпрыемстваў.
Згодна з ацэнкай МВФ, крэдытная рызыка, якая можа рэалізавацца ў выпадку пагаршэння плацежаздольнасці найбуйнейшых пазычальнікаў, з’яўляецца асноўным фактарам уразлівасці беларускіх банкаў.
Беларускія эканамісты лічаць, што прапановы МВФ аб стварэнні на дзяржаўным узроўні савета па забеспячэнні фінансавай стабільнасці з’яўляюцца апраўданымі.
belapan.by