Нацбанк папярэджвае пра магчымы часовы недахоп наяўных даляраў у банках
У абменных пунктах і касах беларускіх банкаў можа назірацца часовы недахоп наяўных даляраў ЗША, гаворыцца ў каментары Нацыянальнага банка аб сітуацыі на фінансавым рынку.
„У цяперашні час у сувязі з распаўсюджваннем эпідэміі каронавіруса і мерамі, што прымаюцца па абмежаванні ўезду замежных грамадзян, міжнародныя авіякампаніі значна скарацілі колькасць палётаў, што істотна ўскладніла перасоўванне грузаў паміж краінамі”, — гаворыцца ў каментары.
З-за гэтага, адзначае Нацбанк, еўрапейскія банкі і фінансавыя арганізацыі, якія аказваюць паслугі па продажы наяўных даляраў ЗША на еўрапейскім рынку, маюць цяжкасці з дастаўкай валюты са Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта прывяло да дэфіцыту наяўных даляраў ЗША ў краінах рэгіёна на фоне павелічэння попыту на іх, абумоўленага высокай валатыльнасцю на сусветных фінансавых рынках.
„У сувязі з гэтым у абменных пунктах і касах банкаў можа назірацца часовы недахоп наяўных даляраў ЗША. Пры гэтым адсутнічаюць абмежаванні па куплі/продажы даляраў ЗША ў безнаяўнай форме. Акрамя таго, у касах банкаў у дастатковай колькасці знаходзіцца іншая замежная валюта (напрыклад еўра)”, — падкрэслівае рэгулятар.
Нацбанк канстатуе, што за апошнія дні валатыльнасць на глабальных фінансавых рынках значна ўзрасла. У гэтых умовах павысіўся попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку, што адбілася на дынаміцы курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют.
У мэтах абмежавання рызык забеспячэння фінансавай стабільнасці, звязаных з павышанай валатыльнасцю курсу, рэгулятар праводзіў валютныя інтэрвенцыі ў дадатковых аб’ёмах.
Нацбанк нагадвае, што рэалізуе курсавую палітыку ў рэжыме плавальнага курсу, які дапускае правядзенне валютных інтэрвенцый ў абмежаваных аб’ёмах з мэтай згладжвання рэзкіх ваганняў курсу.
Галоўны банк краіны працягне ажыццяўляць маніторынг сітуацыі і пры неабходнасці будзе прымаць аператыўныя меры рэагавання, падкрэсліваецца ў каментары.
У мэтах павышэння магчымасцяў банкаў па захаванні фінансавай падтрымкі рэальнаму сектару эканомікі ва ўмовах павышанага ўплыву знешніх негатыўных фактараў праўленнем Нацбанка было прынятае рашэнне „аб выкарыстанні контрцыклічных мер, звязаных са змякчэннем шэрагу прудэнцыйных патрабаванняў”.
Акрамя таго, прынятае рашэнне аб часовым спыненні зацвярджэння і прымянення разліковых велічынь стандартнага рызыкі (РВСР) па дэпазітных інструментах, а таксама аб павелічэнні дапушчальнага ўзроўню рызык пры разліку РВСР па крэдытных інструментах. Пры прыняцці гэтага рашэння Нацбанк зыходзіў з таго, што ў цяперашняй сітуацыі банкі павінны валодаць большай гнуткасцю пры рэагаванні на змены сітуацыі на рынку.
„У існых умовах банкаўскай сістэмай краіны будуць прымацца неабходныя меры па забеспячэнні своечасовага і якаснага аказання грамадзянам і суб’ектам гаспадарання ўсяго комплексу банкаўскіх паслуг”, — запэўнілі ў Нацбанку.
Гэты каментарый рэгулятара з’явіўся на фоне імклівага падзення курсу беларускага рубля да даляра ЗША і еўра, якое назіраецца апошнімі днямі. 19 сакавіка курсы амерыканскай і еўрапейскай валюты зноў абнавілі гістарычныя максімумы. Паводле вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра ЗША вырас на 10,01 капейкі, або на 4,10%, і склаў 2,5414 рубля, курс еўра — на 8 капеек (2,98%) да 2,7640 рубля. Курс расейскага рубля таксама павялічыўся — на 2,31 капейкі (0,73%) і склаў 3,1806 беларускага рубля за 100 расейскіх.
belapan.by