Нацбанк: Паскарэнне інфляцыі абумоўлена ростам рэгуляваных цэн



У першым квартале 2018 у Беларусі забяспечана манетарная і фінансавая стабільнасць, а дынаміка інфляцыйных працэсаў знаходзілася ў рамках прагнознай траекторыі. Пра гэта ішла гаворка 26 красавіка на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка, дзе разглядаліся вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі за першы квартал.

У сакавіку 2018 года інфляцыя ў гадавым вымярэнні склала 5,4% пры мэтавым прагнозе не больш за 6%. „Пэўнае паскарэнне інфляцыйных працэсаў (у снежні 2017 года інфляцыя ў гадавым вымярэнні складала 4,6%) абумоўлена перш за ўсё павышэннем адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў”, — паведамляе ўпраўленне інфармацыі галоўнага банка краіны.

Як падкрэсліваюць у Нацбанку, у першым квартале фінансавы сектар краіны захоўваў устойлівасць у дачыненні да найбольш значных рызык. На фоне пагашэння значных аб’ёмаў валютных абавязацельстваў паляпшаецца структура золатавалютных рэзерваў пры невялікім зніжэнні іх велічыні.

У ходзе пасяджэння былі закрануты пытанні, якія тычацца патэнцыйных рызык для фінансавай стабільнасці краіны, што зыходзяць з бягучай геапалітычнай сітуацыі; дыверсіфікацыі замежнага капіталу, які прыцягваецца ў краіну; сумеснай працы ўсіх упаўнаважаных органаў дзяржкіравання ў частцы зніжэння інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканняў суб’ектаў эканамічных адносін; зніжэння крэдытных рызык у эканоміцы.

У прыватнасці, было адзначана, што з 1 красавіка 2018 года ў Беларусі ўдасканалены метадалагічныя падыходы да вызначэння крыніцы крэдытнай рызыкі і яе ацэнкі, класіфікацыі запазычанасці і фарміравання спецыяльных рэзерваў на пакрыццё страт. У мэтах набліжэння да міжнародных стандартаў Нацбанк перайшоў на прымяненне паказчыка „неабслугоўваныя актывы” замест паказчыка „праблемныя актывы”, які выкарыстоўваўся раней у айчыннай практыцы.

Паводле ацэнак аналітыкаў Нацбанка, на інфляцыю ў сакавіку паўплывала павышэнне кошту паслуг ЖКГ, цэн на паліва, праезд і адукацыю. Спажывецкія цэны ў Беларусі ў сакавіку 2018 года выраслі ў параўнанні з лютым на 0,8%, са снежнем 2017-га — на 2,5%, з сакавіком 2017-га — на 5,4%.

Паводле дадзеных Нацбанка, адміністрацыйна рэгуляваныя цэны і тарыфы ў гадавым вымярэнні выраслі на 9,7% (9,4% месяцам раней). 

Нагадаем, па выніках 2017 года зафіксавана самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.

Згодна з планамі ўрада, у 2018 годзе інфляцыя ў Беларусі павінна скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).

belapan.by