Нацбанк патлумачыў прычыны паскарэння інфляцыі ў Беларусі



Нацыянальны банк растлумачыў прычыны паскарэння тэмпаў прыросту спажывецкіх цэн у Беларусі.

Як адзначае рэгулятар у сваім штомесячным аглядзе інфляцыі, у сакавіку 2020 года гадавы прырост спажывецкіх цэн паскорыўся і склаў 4,9%. Адносна лютага гэтага года спажывецкія цэны ў сакавіку выраслі на 0,85%.

„Паскарэнне інфляцыі ў справаздачным месяцы было шмат у чым звязанае з павышаным попытам, які ўзнік у выніку нявызначанасці адносна будучай сітуацыі, з увядзеннем многімі краінамі абмежавальных мер з мэтай пераадолення неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Акрамя гэтага, сваю ролю адыграла аслабленне беларускага рубля ў адносінах да свабодна канверсоўных валют, адзначаюць у Нацбанку.

Інфляцыя ў 2020 годзе, паводле планаў урада і Нацбанка, не павінна перавысіць 5%. Па выніках 2019 года інфляцыя склала 4,7%.

У сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса ўрад прыняў рашэнне аб часовым дзяржрэгуляванні цэн на шэраг тавараў павышанага попыту, у тым ліку сродкі гігіены (туалетная папера, маскі, сродкі дэзынфекцыі і іншыя).

Акрамя таго, „з мэтай недапушчэння росту цэн і забеспячэння спажывецкага рынку таварамі” Савет міністраў 30 сакавіка прыняў пастанову № 184, згодна з якой міністэрствам, канцэрнам і іншым органам дзяржкіравання даручана „не дапускаць росту адпускных цэн і тарыфаў на тавары і паслугі, якія аказваюцца падпарадкаванымі арганізацыямі, вышэй за 0,5% штомесяц”. Юрасобам усіх формаў уласнасці і ІП, якія ажыццяўляюць вытворчасць, увоз і рэалізацыю тавараў на ўнутраным рынку або аказваюць паслугі, таксама варта не дапускаць павышэння цэн і тарыфаў вышэй за 0,5% штомесяц.

belapan.by