Нацбанк паведаміў аб спыненні дзейнасці часовай адміністрацыі „Белгазпрамбанка”
Праўленне Нацыянальнага банка 9 снежня прыняло пастанову аб спыненні дзейнасці часовай адміністрацыі па кіраванні адкрытым акцыянерным таварыствам „Белгазпрамбанк”. Апошні дзень працы часовай адміністрацыі 10 снежня, паведаміла прэс-служба Нацбанка.
Часовая адміністрацыя была ўведзена 15 чэрвеня года ў адпаведнасці з пастановай праўлення НБ РБ ад 14 чэрвеня на шэсць месяцаў „у мэтах забеспячэння ўстойлівага функцыянавання ААТ „Белгазпрамбанк”, бесперапыннасці яго дзейнасці па аказанні банкаўскіх паслуг і выканання ім абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі”.
Рашэнне аб спыненнi дзейнасцi часовай адміністрацыі „прынята з улікам дасягнення названых мэтаў і абрання саветам дырэктараў ААТ „Белгазпрамбанк” новага складу праўлення”, адзначаецца ў рэлізе.
11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобыск у рамках крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Большасць членаў праўлення „Белгазпрамбанка” былі затрыманыя. Пасля гэтага Нацбанк увёў у банк часовую адміністрацыю і яе кіраўніком прызначыў Надзею Ермакову (кіраўнік Нацбанка ў 2011—2014 гадах). Паўнамоцтвы праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам былі прыпыненыя.
„Газпром” і „Газпрамбанк” (асноўныя акцыянеры банка, якiя валодаюць па 49,818% акцый) яшчэ да пачатку працы часовай адміністрацыі назвалі дзеянні Нацбанка па прызначэнні новых кіраўнікоў „Белгазпрамбанка” незаконнымі і з лета гэтага года адмаўляліся ад супрацоўніцтва з часовай адміністрацыяй.
Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які пакінуў банк у маі гэтага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня быў затрыманы па абвінавачанні ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі.
24 лістапада на сустрэчы з Ермаковай Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці сфарміраваць новае кіраўніцтва банка ў сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў часовай адміністрацыі.
„Хачу падкрэсліць, што банк мы ні ў якім разе не будзем ліквідаваць, знішчаць, неяк пагаршаць яго працу. Наадварот, мы зробім усё для таго, каб банк функцыянаваў і прыносіў карысць нашай дзяржаве”, — адзначыў Лукашэнка.
„І нам трэба разам сфарміраваць кіраўніцтва банка, бо дзяржава робіць вельмі сур’ёзную стаўку на гэты банк. З прэзідэнтам Пуціным мы абмяркоўвалі гэтую тэму. Ён даслоўна мне заявіў аб тым, што банк павінен працаваць, навошта яго знішчаць. Тым больш што гаспадары гэтага банка вельмі багатыя людзі. Маецца на ўвазе „Газпром” і гэтак далей”, — сказаў Лукашэнка.
Ён даў зразумець, што беларускі бок можа самастойна сфарміраваць новае кіраўніцтва банка, калі ў гэтым працэсе не захочуць удзельнічаць расейскія акцыянеры „Белгазпрамбанка”: „Не хочуць працаваць — не трэба. Значыць, мы будзем працаваць самі. У цяжкі перыяд мы падтрымалі банк, аднавілі яго, падтрымалі ліквіднасць, аднавілі яго працаздольнасць. Я думаю, мы справімся, не такая гэта вялікая праблема”.