Нацбанк плануе адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі



Нацыянальны банк мае намер адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі ў краіне. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэта прадугледжвае распрацаваны рэгулятарам праект Стратэгіі развіцця фінансавага рынку на 2016—2020 гады.

Згодна з планамі Нацбанка, у гэтай пяцігодцы нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі будзе зніжацца паэтапна, пасля чаго фінансавыя ўлады маюць намер цалкам адмяніць інстытут абавязковага продажу валютнай выручкі.

Акрамя таго, рэгулятар збіраецца адмяніць існыя абмежаванні на мэтавае набыццё замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку.

Нагадаем, згодна з дзейным заканадаўствам у Беларусі ўстаноўлены мэтавы характар набыцця валюты — суб’екты гаспадарання могуць яе набыць толькі для пагашэння наяўных забавязанняў у замежнай валюце. Дзейнічае таксама абавязковы продаж валютнай выручкі — 30% атрыманай выручкі экспарцёры забавязаныя прадаваць на біржы.

Як адзначаюць банкіры, абавязковы продаж замежнай валюты гарантуе дзяржаве мінімальны аб’ём прапановы замежнай валюты, а мэтавая купля замежнай валюты абмяжоўвае попыт на яе.

Абодва гэтыя інструменты, на думку ўдзельнікаў фінансавага рынку, для дзяржавы важныя ў перыяды росту дэвальвацыйных чаканняў, калі прадпрыемствы і насельніцтва пачынаюць прытрымліваць замежную валюту і схільныя масава яе скупляць.

У 2015 годзе Беларусь узяла на сябе абавязацельствы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза адмяніць да 1 студзені 2017-га абавязковы продаж валютнай выручкі. Аднак вясной гэтага года Нацбанк заявіў, што на працягу года плануе знізіць толькі нарматыў абавязковага продажу — з дзейных 30% да 20%.

Паводле БелаПАН