Нацбанк плануе палепшыць структуру золатавалютных рэзерваў



Нацыянальны банк Беларусі скарачае памер сваіх абавязацельстваў і плануе палепшыць структуру золатавалютных рэзерваў, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Андрэй Кацегаў на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў 31 студзеня.

Ён адзначыў, што на 2019 год Нацбанк не прагназуе істотнай змены рэзерваў, і чакае іх стабілізацыі на ўзроўні 7,1 млрд долараў.

„У свой час практычна ўсе золатавалютныя рэзервы былі пазыковымі. Цяпер мы імкнемся да таго, каб золатавалютныя рэзервы былі нашымі ўласнымі, а не пазыковымі рэсурсамі”, — падкрэсліў Кацегаў.

У сувязі з гэтым Нацбанк плануе скарачаць свае даўгі. „За 2018 год Нацбанк на чыстай аснове паменшыў свае валютныя абавязацельствы на 1,1 млрд долараў”, — сказаў прадстаўнік рэгулятара.

На 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 7.157,8 млн долараў і скараціліся на 2,2%, або на 157,7 млн долараў.

Пры гэтым урадам і Нацбанкам за 2018 год выканана абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 5,7 млрд долараў ЗША.

У адпаведнасці з Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год аб’ём рэзерваў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш як 7,1 млрд долараў ЗША.

belapan.by