Нацбанк плануе зняць абмежаванні на адкрыццё рахункаў за мяжой



Нацыянальны банк у 2019 годзе плануе зняць абмежаванні на адкрыццё фізічнымі асобамі рахункаў у замежных банках, паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц 29 лістапада ў Менску на першым міжнародным дзелавым форуме Банка развіцця для замежных партнёраў „Скрыжаванне Беларусь”. 

„У 2019 годзе плануецца зняцце абмежаванняў на адкрыццё фізічнымі асобамі рахункаў у замежных банках, усталяванне рэгістрацыйнага парадку правядзення юрыдычнымі асобамі валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу”, — удакладніў Калечыц.

Паводле яго слоў, запланаванае прыняцце новай рэдакцыі закона аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі. У прыватнасці мяркуецца адмяніць адміністрацыйныя працэдуры пры правядзенні валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу, пры адкрыцці і выкарыстанні рахункаў юрасобамі за межамі Беларусі, усталяваць тэрміны рэпатрыяцыі валютнай выручкі непасрэдна ў кантрактах прадпрыемстваў.

Намеснік старшыні праўлення Нацбанка нагадаў, што ў 2017—2018 гадах былі павялічаныя тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый, адмененая мэтавая купля замежнай валюты і абавязковы продаж валютнай выручкі.

БелаПАН