Нацбанк растлумачыў асаблівасці аперацый з крыптавалютамі ў рамках дэкрэта № 8
Шэраг палажэнняў дэкрэта № 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі”, асабліва тых, што з’яўляюцца прынцыпова новымі для беларускай эканомікі, патрабуе значнай працы па іх растлумачэнні грамадскасці і суб’ектам эканомікі, а таксама патрабуецца дапрацоўка дзейнай нарматыўнай базы. Пра гэта заявіў на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка 31 студзеня намеснік старшыні праўлення Сяргей Калечыц. Тэкст яго выступлення апублікаваны ў студзеньскім нумары часопіса „Банковский вестник”.
У Нацбанку, у прыватнасці, лічаць неабходным звярнуць увагу на наступныя моманты. Па-першае, адзіным законным плацежным сродкам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь застаецца беларускі рубель.
Па-другое, як адзначыў Калечыц, на тэрыторыі Беларусі сфера абарачэння токенаў будзе абмежаванай. Дэкрэт № 8 не прадугледжвае магчымасці ажыццяўляць здзелкі па абмене токенаў на аб’екты грамадзянскіх правоў іншыя, чым беларускія рублі, замежная валюта, электронныя грошы, іншыя токены.
Забараняецца таксама выкарыстанне замежнай валюты ў разліках паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь у здзелках з крыптавалютамі, за выключэннем аперацый з аператарамі крыптаплатформ.
Па-трэцяе, звяртаюць увагу ў Нацбанку, дэкрэтам № 8 замацаваны шэраг мер, накіраваных на павышэнне прававой абароненасці ўдзельнікаў аперацый з токенамі. Функцыі кантролю над дзейнасцю аператараў крыптаплатформ, аператараў абмену крыптавалют у частцы выканання заканадаўства аб прадухiленнi легалiзацыi даходаў, атрыманых злачынным шляхам, ускладаюцца на дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй. У сувязі з гэтым банкам варта рэгламентаваць кантроль над ажыццяўленнем аперацый з крыптавалютамі і іншымі лічбавымі знакамі ў рамках заканадаўства аб прадухiленнi легалiзацыi даходаў, атрыманых злачынным шляхам.
Плацяжы юрыдычных асоб за набытыя або адчужаныя токены змогуць ажыццяўляцца па здзелках, заключаных праз рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій; плацяжы фізічных асоб — шляхам пералічэння грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі або электронныя кашалькі ўладальнікаў токенаў, аператараў крыптаплатформ, аператараў абмену крыптавалют, замежных гандлёвых пляцовак.
Па-чацвёртае, як адзначыў намеснік кіраўніка Нацбанка, аперацыі з токенамі па сваёй сутнасці з’яўляюцца высокарызыкоўнымі і носяць, як правіла, спекулятыўны характар. Рызыка звязана з адсутнасцю дакладнага і зразумелага механізму фарміравання іх цаны, належных гарантый па абароне правоў і законных інтарэсаў трымальнікаў токенаў, у прыватнасці па пагашэнні абавязацельстваў перад імі (у тым ліку пры куплі токенаў на замежных гандлёвых пляцоўках).
Сяргей Калечыц таксама адзначыў, што Беларусь стала адной з першых краін, дзе пачата практычнае прымяненне тэхналогіі блокчэйн у працы банкаў. На яе аснове ў 2017 годзе рэалізаваны прыкладныя задачы па вядзенні рэестраў банкаўскіх гарантый і аперацый з каштоўнымі паперамі на Беларускай валютна-фондавай біржы.
У гэтым годзе сфера прымянення тэхналогіі блокчэйн будзе пашырана. Адной з найбольш важных задач з’яўляецца ўкараненне ў банкаўскую дзейнасць смарт-кантрактаў (заключэнне камерцыйных дагавораў у выглядзе праграмнага кода).
Нагадаем, падпісаны ў снежні 2017 года дэкрэт нумар № 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі” стварыў прававыя ўмовы для правядзення ICO, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Такім чынам, Беларусь становіцца першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн. Дэкрэт не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў і спецыяльных патрабаванняў да аперацый па стварэнні, размяшчэнні, захоўванні, адчужэнні, абмене токенаў, а таксама дзейнасці аператараў крыптаплатформ і аператараў абмену крыптавалют.
Большасць норм дэкрэта набудзе моц у сакавіку 2018 года. Да гэтага часу ўрад павінен падрыхтаваць шэраг нарматыўных дакументаў для рэалізацыі яго палажэнняў. Пры гэтым эксперты адзначаюць, што дэкрэтам да канца не растлумачаны многія пытанні, якія тычацца, у прыватнасці, правядзення ICO і выкарыстання крыптавалют. БелаПАН