Нацбанк растлумачыў прычыны падзення рубля



„Плаваючы” курс беларускага рубля, які складваецца як рэакцыя на знешнія эканамічныя фактары, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасць эканомікі і дзелавую актыўнасць.

Нацбанк

Пра гэта гаворыцца ў каментары, які Нацыянальны банк распаўсюдзіў „у сувязі з актыўным абмеркаваннем бягучай сітуацыі на валютным рынку ў экспертнай супольнасці, друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі, інтэрнэт-прасторы”.

Рэгулятар нагадвае, што ў пачатку года змяніў падыходы да курсавой палітыкі, перайшоўшы да выкарыстання гнуткага механізму фарміравання абменнага курсу беларускага рубля пры мінімальным удзеле Нацыянальнага банка ў біржавых таргах. Па сутнасці, гэта рыначнае курсаўтварэнне, пры якім курс нацыянальнай валюты адносна даляра ЗША і іншых замежных валют фарміруецца на аснове попыту і прапановы на валютным рынку.

4 жніўня кіраўнік Нацбанка Павел Калаур адзначыў адсутнасць унутраных фактараў, якія б уздзейнічалі на курс беларускага рубля і істотным чынам мянялі яго дынаміку. Пры гэтым ён асабліва падкрэсліў, што ва ўмовах механізму рыначнага курсаўтварэння, які прымяняецца ў Беларусі, далейшая дынаміка курсу нацыянальнай валюты шмат у чым будзе залежаць ад змянення знешніх фактараў, перш за ўсё цаны на нафту і дынамікі курсаў валют у краінах – асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі, нагадвае Нацбанк.

„За мінулы перыяд на сусветных фінансавых рынках адбыліся сур’ёзныя змены, якія прывялі да істотнага павышэння валатыльнасці шэрагу ключавых эканамічных паказчыкаў. Такія кан’юнктурныя фактары, як рэзкае зніжэнне сусветных цэн на нафту, значнае аслабленне курсаў расейскага рубля, кітайскага юаня і казахстанскага тэнге, у значнай ступені аказалі ўплыў на ўнутраны валютны рынак нашай краіны, узмацніўшы валатыльнасць абменнага курсу беларускага рубля да асобных валют”, – канстатуе Нацбанк.

У каментары падкрэсліваецца, што гнуткая курсавая палітыка, якая праводзіцца, дазваляе абменнаму курсу выступаць у якасці абсарбенту неспрыяльных знешніх фактараў, зніжаючы ступень знешнеэканамічных дысбалансаў. „Пры гэтым ва ўмовах прымянення рэжыму кіраванага плавання бягучая дынаміка абменнага курсу беларускага рубля, якая складваецца як рэакцыя на знешнія эканамічныя фактары, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасць эканомікі і дзелавую актыўнасць, выступаць фактарам макраэканамічнай стабільнасці”, – указвае Нацбанк.

Адзначаецца таксама, што ўплыў знешніх кан’юнктурных фактараў можа прыводзіць да рознанакіраванага руху курсу, узмацняючы тым самым яго валатыльнасць. „Па меры зніжэння турбулентнасці на знешніх рынках і аслаблення кан’юнктурных фактараў будзе зніжацца і валатыльнасць абменнага курсу беларускага рубля”, – дадалі ў Нацбанку.

У галоўным банку краіны заяўляюць, што яго дзеянні накіраваныя на зніжэнне празмерных кан’юнктурных ваганняў курсу і не перашкаджаюць дзеянню фундаментальных фактараў. Жорсткая манетарная і бюджэтна-падатковая палітыка закліканая забяспечыць падтрымку абменнаму курсу і абмежавальны эфект на інфляцыю.

У найбліжэйшай перспектыве Нацбанк мае намер сканцэнтраваць свае намаганні на дасягненні цэнавай стабільнасці, закліканай захаваць пакупніцкую здольнасць беларускага рубля. Стабілізацыя інфляцыйных працэсаў забяспечыць устойлівасць эканомікі ў сярэднетэрміновай перспектыве і будзе спрыяць фарміраванню ўмоў для забеспячэння доўгатэрміновага эканамічнага росту.

Варта зазначыць, што, на думку фінансавых аналітыкаў, асноўная прычына рэзкага абясцэньвання беларускага рубля звязаная з падзеннем рубля расейскага. У сваю чаргу дэвальвацыя расейскага рубля адбываецца ў выніку падзення цэн на нафту.

Толькі з пачатку жніўня курс беларускага рубля да даляра ўпаў на 8,1%, да еўра – на 9,9%, да расейскага рубля – умацаваўся на 2,4%. На 20 жніўня курс даляра дасягнуў 16.500 рублёў, еўра – перавысіў 18.300 рублёў. З пачатку жніўня амерыканская валюта падаражэла ў Беларусі на 1.250 рублёў, еўра – больш чым на 1.600 рублёў.

belapan.by