Нацбанк растлумачыў прычыны павышэння гадавых тэмпаў інфляцыі ў верасні



У верасні ў Беларусі адзначалася павышэнне гадавых тэмпаў росту спажывецкіх цэн з-за больш інтэнсіўнай дынамікі базавай інфляцыі, а таксама рэгуляваных цэн і тарыфаў, гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацыянальнага банка.

У верасні 2018 года прырост спажывецкіх цэн склаў 5,6% у гадавым выражэнні. Адносна жніўня ў верасні спажывецкія цэны выраслі на 0,8%, з пачатку года — на 3,7%.

Пры гэтым гадавая базавая інфляцыя ў верасні склала 3,9% (3,3%). „Ключавым фактарам, што вызначыў дынаміку цэнавага індыкатара, па-ранейшаму застаецца кан’юнктурны шок на рынку мяса і мясапрадуктаў”, — робяць выснову аналітыкі Нацбанка.

„Нягледзячы на павышэнне інтэнсіўнасці дынамікі цэнавых індыкатараў, у цэлым траекторыя руху спажывецкіх цэн знаходзіцца ў межах мэтавага параметра”, — падкрэсліваюць у галоўным банку краіны.

Гадавы прырост адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў павялічыўся да 10,8% (9,7% месяцам раней). Згодна са звесткамі Нацбанка, паскарэнне росту цэн на рэгуляваныя пазіцыі абумоўленае павышэннем цэн на паліва, а таксама кошту паслуг вышэйшай адукацыі і сувязі. Акрамя таго, з-за перагляду нарматываў спажывання цеплавой энергіі на патрэбы гарачага водазабеспячэння ў верасні вырас кошт паслуг ЖКГ. Разам з тым у сувязі са сканчэннем летніх канікул у бок паніжэння быў пералічаны кошт паслуг дзіцячых дашкольных устаноў.

Цэны на плодаагароднінную прадукцыю ў гадавым вымярэнні выраслі на 1,1% (3% у жніўні 2018 года).

Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год, спажывецкія цэны павінны павялічыцца не больш як на 6%. У сваёй апошняй ацэнцы Нацбанк чакаў, што інфляцыя будзе на ўзроўні 5,5%.

Міжнародны валютны фонд таксама скарэктаваў прагноз па інфляцыі ў Беларусі. Цяпер чакаецца, што у 2018 годзе інфляцыя не перавысіць 5,5% і столькі ж складзе ў 2019 годзе. Раней эксперты фонду меркавалі, што рост спажывецкіх цэн сёлета складзе 6%.

belapan.by