Нацбанк растлумачыў прычыны запаволення тэмпаў інфляцыі



У верасні 2017 года прадоўжылася запаволенне тэмпаў росту спажывецкіх цэн у гадавым вымярэнні за кошт больш стрыманай дынамікі цэн на тавары, не схільных да сезоннага ўплыву і адміністрацыйнага рэгулявання. Такая выснова эканамістаў Нацыянальнага банка змяшчаецца ў аглядзе „Інфармацыя аб дынаміцы змянення спажывецкіх цэн і тарыфаў у верасні”.

У верасні 2017 года базавая інфляцыя павялічылася на 0,3%, тады як у верасні 2016 года — на 0,9%. У гадавым вымярэнні базавая інфляцыя знізілася да 4% (месяцам раней — 4,6%).

Захоўваецца стрыманая палітыка адміністрацыйнага цэнавага рэгулявання. Цэны і тарыфы, схільныя да адміністрацыйнага рэгулявання, замарудзіліся ў гадавым вымярэнні да 6,3% у верасні 2017 года супраць 6,9% месяцам раней. Прырост за верасень склаў 0,2% (0,7% у папярэднім годзе)„, — адзначаецца ў аглядзе.

Паводле даных Нацбанка, цэны на плодаагароднінную прадукцыю ў мінулым месяцы дэманстравалі больш павольнае зніжэнне, чым у верасні 2016 года (мінус 0,3 і мінус 4,1% адпаведна).

Трэндавая інфляцыя ў гадавым вымярэнні запаволілася да 4% супраць 4,4% месяцам раней.

„Сярэдняя інтэнсіўнасць прыросту спажывецкіх цэн і тарыфаў на працягу апошніх трох месяцаў захоўваецца на ўзроўні каля 4%”, — адзначаюць спецыялісты галоўнага банка краіны.

У верасні інфляцыя ў Беларусі склала 0,3%, з пачатку года — 2,7%. Афіцыйны прагноз улад прадугледжвае інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%, аднак урад разлічвае, што да канца года інфляцыя не перавысіць 7%.

У 2016 годзе інфляцыя дасягнула 10,6% пры прагнозе 12%. За 2015 год гэты паказчык склаў 12% пры аналагічным афіцыйным прагнозе. За апошнія 10 гадоў мінімальны ўзровень інфляцыі назіраўся ў 2006 годзе — 6,6%, максімальны — у 2011-м — 108,7%. БелаПАН