Нацбанк растлумачыў прычыны запаволення інфляцыі ў снежні 2019 года
У снежні 2019 года гадавы прырост спажывецкіх цэн запаволіўся на 0,3 працэнтнага пункта і склаў 4,7 працэнта пры мэтавым параметры не больш як 5 працэнтаў. Адносна лістапада спажывецкія цэны ў снежні выраслі на 0,5 працэнта.
У снежні назіралася далейшае запаволенне гадавой дынамікі базавай інфляцыі, а таксама цэн на плодаагароднінную прадукцыю пры захаванні гадавых тэмпаў росту рэгулюемых цэн і тарыфаў на ўзроўні папярэдняга месяца.
„Гадавая базавая інфляцыя дэманструе запаволенне на працягу апошніх чатырох месяцаў”, – адзначаецца ў аглядзе. У снежні 2019 года яна знізілася да 3,5 працэнта (3,7 працэнта ў лістападзе 2019-га). Асноўны ўплыў на сыходную траекторыю руху свабодных цэн аказала запаволенне росту цэн на прадукты харчавання.
Падобная дынаміка характэрна і для цэнавых індыкатараў, ачышчаных ад уплыву кароткачасовых шокаў. Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі ў гадавым выражэнні запавольваецца пачынаючы з верасня 2019 года. У снежні ён склаў 3,6 працэнта. Сярэдняя інтэнсіўнасць прыросту спажывецкіх цэн пры гэтым зменшылася да 3,7 працэнта.
Гадавы прырост рэгулюемых цэн і тарыфаў у снежні 2019 года захаваўся на ўзроўні 7,5 працэнта. Асноўны ўклад у павелічэнне цэн і тарыфаў па такой групе па выніках года забяспечыла павышэнне кошту паслуг ЖКГ, паліва, паслуг сувязі. Цэны на плодаагароднінную прадукцыю ў гадавым выражэнні выраслі ў снежні 2019-га на 8,9 працэнта, што на 3,2 працэнтнага пункта ніжэй за ўзровень папярэдняга месяца ў выніку больш нізкіх гадавых тэмпаў росту сезонных цэн на агародніну і бульбу.