Нацбанк рэкамендаваў банкам даць насельніцтву крэдытныя канікулы
Нацыянальны банк Беларусі 20 сакавіка накіраваў камерцыйным банкам ліст, у якім рэкамендаваў разгледзець магчымасць даць грамадзянам адтэрміноўкі вяртання (пагашэння) крэдыту і выплаты працэнтаў за карыстанне ім.
„У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй існуе верагоднасць скарачэння даходаў арганізацый і прадпрыемстваў з прычыны абмежавання або немагчымасці ажыццяўлення імі сваёй дзейнасці, што можа пацягнуць неабходнасць сацыяльных адпачынкаў для работнікаў з частковым захаваннем заработнай платы”, — гаворыцца ў лісце Нацбанка.
Акрамя таго, адзначае рэгулятар, многія грамадзяне „могуць вымушана знаходзіцца ў сацыяльных адпачынках без захавання заработнай платы”.
„З мэтай зніжэння крэдытнай нагрузкі грамадзян у сувязі з пагаршэннем іх фінансавага становішча і немагчымасцю належнага выканання імі абавязацельстваў па крэдытных дагаворах рэкамендуем банкам разгледзець магчымасць даць грамадзянам (пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў) адтэрміноўкі вяртання (пагашэння) крэдыту і выплаты працэнтаў за карыстанне ім (крэдытных канікул) з адначасовым працягам тэрміну вяртання (пагашэння) крэдыту”, — падкрэсліваецца ў лісце рэгулятара.
belapan.by