Нацбанк робіць больш жорсткімі падыходы да валютнага крэдытавання



Нацыянальны банк прыняў рашэнне аб змене падыходаў да класіфікацыі і фарміравання спецыяльных рэзерваў (на пакрыццё магчымых страт) па крэдытах у замежнай валюце. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэта рашэнне прывядзе да перагляду ўмоў выдачы такіх крэдытаў.

„Па валютных крэдытах камерцыйныя банкі павінны будуць больш жорстка ацэньваць карпаратыўных кліентаў, — паведаміў эксперт у фінансавых колах. — Толькі ў выпадку калі валютнай выручкі кліента дастаткова для пагашэння ўсіх валютных абавязацельстваў і крэдытнай запазычанасці, можна лічыць, што крэдыты такім пазычальнікам з’яўляюцца валютаакупнымі”.

У астатніх выпадках, калі дастатковай валютнай выручкі ў прадпрыемства няма, па такіх валютных пазыках камерцыйным банкам трэба будзе фарміраваць адлічэнні ў рэзервы ў памеры 10% ад сумы крэдыту.

Паводле наяўнай інфармацыі, Нацбанк дазволіў камерцыйным банкам расцягнуць перыяд фарміравання рэзерваў на некалькі гадоў, каб палегчыць цяжар, звязаны з выкананнем гэтай умовы.

„Цяпер банкам неабходна правесці рэвізію крэдытнага партфеля, абазначыць кліентаў безумоўна валютаакупных і невалютаакупных, пасля чаго пачаць паступовае фарміраванне рэзерваў”, — расказаў суразмоўца.

Беларускія эканамісты лічаць, што ўзмацненне жорсткасці патрабаванняў да пазычальнікаў звязана, з аднаго боку, з жаданнем рэгулятара знізіць валютныя рызыкі на банкаўскую сістэму. Акрамя гэтага, такога роду меры спрыяюць дэдаларызацыі крэдытных партфеляў банкаў і дазваляюць Нацбанку павышаць свой уплыў на грашовы рынак.

„Для таго каб Нацбанк мог лепш уплываць на інфляцыю, павінен працаваць працэнтны канал. У цяперашняй сітуацыі працэнтная палітыка Нацбанка недастаткова дзейсная, паколькі крэдытныя партфелі банкаў пераважна сфарміраваны з ільготных крэдытаў з фіксаванай працэнтнай стаўкай і з валютных крэдытаў”, — адзначыў эканаміст Антон Болтачка.

Паводле экспертных ацэнак, у агульным партфелі банкаў рублёвыя крэдыты, выдадзеныя на рыначных умовах, займаюць сёння каля 15%, і толькі на ўмовы выдачы такіх рэсурсаў можа ўздзейнічаць сёння Нацбанк за кошт працэнтнага канала. „Таму дэдаларызацыя партфеляў банкаў — важны кірунак дзейнасці Нацбанка, які дазваляе павысіць уплыў працэнтнай палітыкі рэгулятара на грашовы рынак”, — кажа Болтачка.

Варта адзначыць, што атрымаць крэдыты ў замежнай валюце сёння ў беларускіх банках могуць толькі прадпрыемствы. З 2009 года ў Беларусі дзейнічае забарона на выдачу валютных крэдытаў насельніцтву. Беларускія эканамісты лічаць, што ў найбліжэйшы час гэта абмежаванне адмяняцца не будзе. „Прыкмет таго, што забарона на выдачу спажывецкіх крэдытаў у замежнай валюце ў найбліжэйшы час будзе адменена, цяпер не відаць. Наадварот, мы бачым выразны сігнал Нацбанка на дэдаларызацыю ўсяго, чаго толькі можна”, — адзначыла ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Акрамя таго, лічыць эксперт, дэвальвацыйныя рызыкі ўсё яшчэ захоўваюцца, а забарона на выдачу валютных крэдытаў фізічным асобам дазваляе зберагчы насельніцтва ад гіпатэтычных шокаў на валютным рынку. „Таму чакаць, што сітуацыя зменіцца і валютныя крэдыты стануць даступныя насельніцтву, сёння няма ніякіх падстаў”, — падсумавала Барнукова.

БелаПАН