Нацбанк робіць больш жорсткімі ўмовы выдачы спажывецкіх крэдытаў



Нацыянальны банк давёў да банкаў дадатковыя патрабаванні, якія яны павінны выконваць на этапе разгляду заявак кліентаў аб атрыманні спажывецкіх крэдытаў.

У лісце, які рэгулятар накіраваў на гэтым тыдні камерцыйным банкам, нагадваецца, што з 2018 года ў працэсе давання крэдытаў на спажывецкія патрэбы камерцыйныя банкі павінны выкарыстоўваць паказчык пазыковага цяжару (разлічваецца як працэнтныя суадносіны памеру штомесячнага плацяжу па аперацыях крэдытнага характару да памеру сярэднямесячнага даходу крэдытаатрымальніка).

„У сувязі з гэтым рэкамендуем банкам улічваць пры ацэнцы крэдытаздольнасці заяўнікаў (крэдытаатрымальнікаў) — фізічных асоб звесткі, што ўтрымліваюцца ў інфармацыйным рэсурсе АРІП, аб выкананні абавязацельстваў па рэгулярных плацяжах заяўнікаў (крэдытаатрымальнікаў) за жыллёва-камунальныя паслугі, паслугі сувязі і іншыя паслугі”, — гаворыцца ў лісце Нацбанка.

Акрамя гэтага, адзначае рэгулятар, пры разліку паказчыка пазыковага цяжару камерцыйныя банкі павінны ўлічваць звесткі аб камерцыйных пазыках (раздробным продажы тавараў у крэдыт, адтэрміноўцы або растэрміноўцы аплаты тавараў, што рэалізуюцца ў раздробным гандлі), выдадзеных фізічным асобам.

На мінулым тыдні падчас пашыранага пасяджэння праўлення начальнік упраўлення фінансавай стабільнасці Нацбанка Ігар Магілевіч паведаміў, што рэгулятар можа зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да велічыні пазыковага цяжару фізічных асоб пры паскарэнні тэмпаў крэдытавання насельніцтва.

„Згодна са звесткамі крэдытнага рэгістра, працягваецца рост колькасці фізічных асоб, якія маюць хаця б адзін спажывецкі крэдыт, і колькасці спажывецкіх крэдытаў на аднаго пазычальніка. І хоць на гэты момант змена інструментаў пазыковага цяжару не плануецца, у выпадку паскарэння тэмпаў крэдытавання ў гэтым сегменце магчымае ўзмацненне жорсткасці параметраў абмежаванні пазыковага цяжару”, — адзначыў прадстаўнік Нацбанка.

Як паведамлялася, 1 мая 2018 года ў Беларусі ўведзены паказчык пазыковага цяжару, згодна з якім банкі павінны абмяжоўваць выдачу крэдытаў фізічным асобам, чые штомесячныя фінансавыя абавязацельствы перавышаюць 40% сярэднямесячнага даходу. Прадстаўнікі банкаўскага сектара не выключаюць, што калі Нацбанк захоча зрабіць больш жорсткімі ўмовы выдачы спажывецкіх крэдытаў, усталяваны паказчык можа стаць ніжэй за 40%.

belapan.by