Нацбанк спрагназаваў інфляцыю і стаўку рэфінансавання на 2024



Зацверджаны асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2024 год. Паводле іх Нацыянальны банк ставіць за мэту выйсці на паказчык інфляцыі ў 6% у наступным годзе, для чаго плануе рэгуляваць грашовую прапанову. Для ўхілення ад рэзкіх ваганняў курса беларускага рубля, а таксама ў мэтах папаўнення золатавалютных рэзерваў дапускаецца правядзенне валютных інтэрвенцый.

Аб’ём золатавалютных рэзерваў на канец наступнага года павінен быць у межах шасці мільярдаў даляраў, а стаўка рэфінансавання — у раёне 9—9,5% гадавых, піша “Наша Ніва”.

IT-сектар пакінуў топ самых рэнтабельных галін у Беларусі

Інфармацыя і сувязь апошнія гады знаходзіліся ў топ-3 самых рэнтабельных галін айчыннай эканомікі. Аднак сёлета яе эфектыўнасць стала змяншацца, піша сайт thinktanks.by.

За восем месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажу ў IT-сектары знізілася амаль на адзін працэнт і склала 17,9%. Выцесніў айцішнікаў з топу сектар кіравання нерухомай маёмасцю, чыя рэнтабельнасць за той жа перыяд вырасла больш як на паўтара працэнта. Нечакана новым лідарам сёлета таксама стаў навуковы сектар, дадаўшы ў рэнтабельнасці за восем месяцаў больш за чатыры працэнты.

Топ-3 самых рэнтабельных галін цяпер выглядае так:

– фінансавая і страхавая дзейнасць (33,3 працэнта),

– аперацыі з нерухомай маёмасцю (22,1 працэнта),

– прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (18,3 працэнта).

Асноўным рынкам для беларускага мяса і малака застаецца Расея

Беларусь працягне пастаўляць мясную і малочную прадукцыю ў асноўным у Расею. Пры гэтым будуць спрабаваць асвоіць аддаленыя рэгіёны. Пра гэта ў эфіры СТВ заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ.

“Прыярытэтным напрамкам рэалізацыі мяса-малочнай прадукцыі застаецца расейскі рынак, але мы будзем сыходзіць у больш далёкія рэгіёны. Таму што там запатрабаванне вельмі вялікае на нашу прадукцыю”, сказаў міністр. Ён прыгадаў у прыватнасцю пра Кубу і Экватарыяльную Гвінею.”Нядаўна была дэлегацыя з Экватарыяльнай Гвінеі. Яны калі пакаштавалі нашу смятану, яны проста былі ў захапленні. Яны такога нават не ўяўлялі, што такі смачны можа быць прадукт. А для нас гэта звыкла”, – адзначыў міністр.

Паводле Барташа, малочная галіна не адчула ўплыву санкцый, таму прадукцыя пастаўляцца не толькі ў Кітай, а ў многія куткі свету. (reform.by)

Як змяніліся цэны на прадукты харчавання ў Польшчы?

Цэны ў польскіх крамах рознічнага гандлю ў верасні выраслі ў межах 10 працэнтаў, піша Forsal.pl.

Паводле аўтараў аналізу, дынаміка росту цэн зніжаецца, але большасць базавых тавараў па-ранейшаму даражэюць. Гэтым разам у авангардзе росту цэн – харчовыя дабаўкі (кетчуп, маянэз, гарчыца, спецыі), якія падаражэлі на 32% год да года. Бытавая хімія паказала рост на 25%, тавары для дзяцей на 16,6 працэнта, агародніна – на 13,5% год да года. Агулам з 17-ці катэгорый тавараў, 15 сталі даражэйшымі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Denys Kurbatov / Shutterstock.com.