Нацбанк: Сярэдні памер банкаўскага ўкладу ў Беларусі дасягнуў 8.620 рублёў
У Беларусі сярэдні памер банкаўскага ўкладу на 1 студзеня 2019 года склаў 8,62 тыс. рублёў і павялічыўся за IV квартал 2018 года на 0,25 тыс. рублёў, або на 3%. Такія дадзеныя прыведзеныя ў штоквартальным даследаванні Нацыянальнага банка па рэалізацыі банкаўскага прынцыпу „Ведай свайго кліента” (Know your client). У даследаванні прынялі ўдзел 23 банкі (з 24), якія маюць ліцэнзійныя паўнамоцтвы на прыцягненне ўкладаў насельніцтва.
У сярэднім адзін укладчык-рэзідэнт размясціў у банкаўскі ўклад: у нацыянальнай валюце — 3,74 тыс. рублёў, у замежнай валюце — 6,40 тыс. долараў ЗША. Сума ўкладу на аднаго ўкладчыка-нерэзідэнта склала: у нацыянальнай валюце — 15,0 тыс. рублёў, у замежнай валюце — 14,17 тыс. долараў ЗША.
Паводле інфармацыі банкаў — удзельнікаў даследавання, за IV квартал 2018 года банкаўскія ўклады фізічных асоб выраслі на 396 млн рублёў, або на 2,3%, і на 1 студзеня 2019 года склалі 17,45 млрд рублёў.
Пры гэтым асноўнымі ўкладчыкамі ў беларускіх банках сярод фізічных асоб з’яўляюцца рэзідэнты, якімі размешчана 16,07 млрд рублёў, або 97,8% ад агульнага аб’ёму размешчаных тэрміновых укладаў.
Паводле дадзеных Нацбанка, 76,7% тэрміновых укладаў насельніцтва — у замежнай валюце і 23,3% — у беларускіх рублях. За IV квартал 2018 года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты фізічных асоб павялічыліся на 3,5% да 4,07 млрд рублёў, а валютныя ўклады ў доларавым выражэнні знізіліся на 0,3% — да 6,2 млрд долараў.
На 1 студзеня 2019 года ўдзельная вага банкаўскіх укладаў жаночай групы ў агульным аб’ёме тэрміновых банкаўскіх укладаў склала 62,5%, або 10,91 млрд рублёў (рост на 2,8% у параўнанні з 1 кастрычніка), мужчынскай групы — 37,5%, або 6,54 рублёў (рост на 1,5% у параўнанні з 1 кастрычніка).
Зыходзячы з сумы банкаўскіх зберажэнняў на аднаго чалавека, сярэднестатыстычным беларускім укладчыкам можна лічыць жанчыну, якой больш за 55 гадоў (56,4% ад агульнага аб’ёму ўкладаў усіх жанчын) і якая размясціла ў банках грашовыя сродкі ў памеры 7,65 тыс. рублёў, і мужчыну ва ўзросце ад 26 да 60 гадоў (54,1% ад агульнага аб’ёму ўкладаў усіх мужчын), які размясціў у банках грашовыя сродкі ў суме 10,91 тыс. рублёў, адзначае Нацбанк.
Па-ранейшаму доля зберажэнняў у замежных валютах у агульным аб’ёме тэрміновых банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) большая, чым у нацыянальнай валюце, і складае 76,7%. У той жа час доля тэрміновых укладаў у замежных валютах штоквартальна зніжаецца. Так, за IV квартал яна знізілася на 0,26 працэнтнага пункта, а за 2018 год — на 3,3 працэнтнага пункта.
У IV квартале захавалася тэндэнцыя росту і перавышэння аб’ёму безадзыўных укладаў (дэпазітаў) — 61,4% (на 1 кастрычніка 55,6%) над аб’ёмам адзыўных — 38,6% (на 1 кастрычніка 44,4%).
belapan.by