Нацбанк унёс змяненні ў парадак правядзення валютна-абменных і валютных аперацый



У Інструкцыі аб парадку правядзення валютна-абменных і валютных аперацый унесены змяненні. Гэта прадугледжана пастановай праўлення Нацыянальнага банка ад 29 верасня 2021 года нумар 273, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей банка.

У банку растлумачылі, што тэрміналогія гэтай інструкцый прыводзіцца ў адпаведнасць з новымі падыходамі, прадугледжанымі законам Беларусі ад 27 траўня 2021 года нумар 113-З „Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці”. У прыватнасці, з тэксту інструкцыі выключаецца тэрмін „адвакаты, якія ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць індывідуальна”.

„Для спрашчэння парадку правядзення аперацый з замежнай валютай з Інструкцыі аб парадку правядзення валютна-абменных аперацый выключаецца норма, якая прадугледжвае абавязак юрыдычных асоб-рэзідэнтаў пры куплі замежнай валюты пазначаць у адпаведнай заяўцы або плацежным даручэнні код напрамку выкарыстання купляемай замежнай валюты. Змяненні ў Інструкцыі аб правядзенні валютных аперацый прадугледжваюць адмову ад абавязковага прадстаўлення ў банкі рэзідэнтамі валютных дагавораў у якасці пацвярджэння падставы для правядзення плацяжоў, а таксама для ўнясення (зняцця) наяўнай замежнай валюты на рахунак (з рахунку). Пры гэтым у інструкцыі захавана патрабаванне, што ў выпадках, калі банкі (Банк развіцця) не могуць вызначыць на падставе прадстаўленай кліентам інфармацыі адпаведнасць праводзімых валютных аперацый патрабаванням валютнага заканадаўства, банкі дадаткова запытваюць неабходныя для гэтых мэт дакументы”, – адзначылі ў Нацбанку.

Таксама ва ўпраўленні паведамілі, што адначасова пастановай нумар 273 удакладняюцца патрабаванні да зместу прадстаўляемай рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі ў банкі інфармацыі аб праводзімых валютных аперацыях, а таксама функцыі банкаў пры вызначэнні адпаведнасці праводзімых валютных аперацый патрабаванням валютнага заканадаўства.