Нацбанк увёў часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанку»



Нацыянальны банк 15 чэрвеня ўвёў у ААТ «Белгазпрамбанк» часовую адміністрацыю «з мэтай абароны інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў». Адпаведная пастанова праўлення Нацбанка прынятая 14 чэрвеня, паведамляе прэс-служба рэгулятара.

Часовая адміністрацыя таксама ўводзіцца з мэтай «недапушчэння пагаршэння» фінансавага стану камерцыйнага банка.

«Згаданая мера прынятая на падставе артыкулаў 94, 97, 134, 134-1 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь з улікам інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю аб распачынанні дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў дачыненні да службовых асоб ААТ «Белгазпрамбанк» крымінальных спраў на падставе часткі 3 артыкула 235 «Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам« і часткі 2 артыкула 243 «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў (збораў)» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», – тлумачыць Нацбанк.

Часовую адміністрацыю па кіраванні ААТ «Белгазпрамбанк» узначаліла экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова. Паўнамоцтвы праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.

«З улікам прынятага праўленнем Нацыянальнага банка рашэння будзе забяспечанае ўстойлівае функцыянаванне ААТ »Белгазпрамбанк», бесперапыннасць яго дзейнасці па аказанні банкаўскіх паслуг і выкананне ім абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі. Пры неабходнасці згаданаму банку будзе аказана адпаведная падтрымка з боку Нацыянальнага банка», – падкрэсліваецца ў паведамленні рэгулятара.

Як паведамлялася, былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка прыняў рашэнне балатавацца ў прэзідэнты. 11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка» праходзіў вобшук у межах крымінальнай справы па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. 12 чэрвеня з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што Нацбанк мяняе кіраўніцтва банка.

Уласнікі «Белгазпрамбанка» – расейскія кампаніі «Газпром» і «Газпрамбанк» – увечары 12 чэрвеня рэзка асудзілі дзеянні беларускіх уладаў. Яны назвалі незаконнымі дзеянні па прызначэнні беларускімі ўладамі в.а. старшыні праўлення і в.а. намесніка старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк». «Гэтыя прызначэнні суправаджаліся затрыманнем паўнамоцных членаў праўлення »Белгазпрамбанка« праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліваецца ў сумеснай заяве «Газпрома» і «Газпрамбанка».

Акцыянеры ААТ «Белгазпрамбанк» збіраюцца «дабівацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі прававымі сродкамі, а таксама прымаюць усе магчымыя меры для аховы інтарэсаў кліентаў і забеспячэння фінансавай стабільнасці банка», падкрэсліваецца ў сумеснай заяве «Газпрома» і «Газпрамбанка».

БелаПАН