Нацбанк увёў у абарачэнне абноўленыя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў
Абноўленыя банкноты наміналам 5 і 10 беларускіх рублёў уведзеныя ў абарачэнне 20 траўня 2019 года, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка Сяргей Гайко.
Доля банкнот наміналам 5 і 10 рублёў у сукупнай колькасці банкнот, якія знаходзяцца ў абарачэнні, складае амаль 39%. „Банкноты наміналам 5 і 10 рублёў з’яўляюцца самымі папулярнымі сярод грамадзян, такія банкноты часцей за ўсё выкарыстоўваюцца. Адпаведна, высокімі тэмпамі расце і колькасць старых банкнот”, — сказаў Гайко.
Па гэтай прычыне, дадаў ён, праўленнем Нацбанка было прынята рашэнне аб замене старых банкнот, якія выводзяцца з абарачэння, і выпуску новых грашовых знакаў, з павышанай ступенню іх абароны ад падробак.
„Абноўленыя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў пакрытыя лакам з абодвух боку, каб павялічыць тэрмін іх службы. Мяркуецца, што тэрмін службы абноўленых банкнот вырасце ў паўтара разу”, — сказаў Сяргей Гайко.
Ён удакладніў, што арыенціровачны тэрмін службы банкнот малых наміналаў складае да аднаго года, сярэдніх наміналаў — да трох гадоў, буйных наміналаў — да пяці гадоў.
Раней Нацыянальны банк абвясціў, што ў 2020 годзе плануецца выпуск абноўленых банкнот наміналам 20 і 50 беларускіх рублёў. Банкноты наміналам 100 рублёў у краіне рэдка выкарыстоўваюцца, а банкноты наміналам 200 і 500 рублёў практычна не выкарыстоўваюцца і рэдка аказваюцца ў наяўным грашовым абарачэнні, растлумачыў Гайко.