Нацбанк: Узнаўленне паставак расейскай нафты – пазітыўныя зрухі



У Беларусі ў трэцім квартале 2019 года назіралася аднаўленне тэмпаў эканамічнага росту пасля яго зніжэння ў другім квартале. Узровень эканамічнай актыўнасці знаходзіўся блізу раўнаважкага, гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацыянальнага банка.

„Узнаўленне паставак расейскай нафты ў III квартале 2019 года спрыяла стабілізацыі чыстага экспарту тавараў і паслуг і, як следства, аднаўленню ў справаздачным квартале эканамічнага росту да ўзроўню I квартала 2019 года”, — канстатуюць аналітыкі.

Прырост рэальнага ВУП павялічыўся, паводле ацэнкі рэгулятара, з 0,5% у другім квартале да 1,3% у трэцім квартале да адпаведнага квартала папярэдняга года.

„Рост эканомікі працягнуў забяспечвацца за кошт унутранага попыту пры значным скарачэнні адмоўнага ўплыву чыстага экспарту тавараў і паслуг”, — заўважаюць у Нацбанку.

Варта адзначыць, што ў першым квартале Беларусь экспартавала штомесяц прыблізна мільён тон нафтапрадуктаў. Аднак у красавіку „Белнафтахім” выявіў у расейскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтану і, каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як прымаць няякасную сыравіну адмовіліся замежныя спажыўцы, транзіт быў на некаторы час прыпынены.

Зараз Беларусь вядзе перамовы з Расеяй і настойвае на кампенсацыі страчанай выгады, якая ўзнікла з-за вымушанага скарачэння экспарту нафтапрадуктаў у другім квартале.

Паводле вынікаў дзевяці месяцаў рост эканомікі Беларусі запаволіўся да 1%. Пры гэтым афіцыйны прагноз уладаў на 2019 год прадугледжвае рост ВУП на 4% і пакуль не пераглядаўся. Больш за тое, на вераснёўскай нарадзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада выканаць афіцыйны прагноз на гэты год.

belapan.by