Нацбанк вынес на абмеркаванне праект указа пра базавы рахунак
Кожны грамадзянін Беларусі зможа адкрыць адзін базавы рахунак, мэта якога — даць бясплатна насельніцтву мінімальны набор плацежных аперацый. Гэта прадугледжана праектам указа „Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання”, вынесеным Нацыянальным банкам 6 красавіка на грамадскае абмеркаванне, якое будзе доўжыцца да 16 красавіка на прававым форуме Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.
„З’яўленне ў лінейцы банкаўскіх прадуктаў такога прадукту, як бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання (базавы рахунак), закліканае забяспечыць даванне фізічным асобам мінімальнага набору бясплатных плацежных аперацый у рамках плацежнага абслугоўвання і стварыць умовы, якія дазволяць фізічным асобам мінімізаваць расходы па найбольш запатрабаваных аперацыях”, — гаворыцца ў абгрунтаванні да праекта.
На базавы рахунак будуць залічаць зарплату, стыпендыю, матэрыяльную дапамогу і іншыя выплаты, прадугледжаныя заканадаўствам.
У абгрунтаванні да дакумента гаворыцца, што „ўкараненне базавага рахунку ў практыку выкарыстання пашырыць магчымасці патэнцыйнага кліента свабодна выбіраць банк для абслугоўвання, што прывядзе да збавення фізічных асоб ад неабходнасці адкрываць рахункі для атрымання заработнай платы і прыраўнаваных да яе выплат, стыпендый, у тым ліку надбавак да стыпендый і матэрыяльнай дапамогі навучэнцам, у канкрэтных банках, выбар якіх часта залежыць не ад волевыяўлення фізічнай асобы, а ад эканамічнай зацікаўленасці арганізацыі, што ажыццяўляе выплату”.
„Такі падыход палепшыць абарону законных правоў і інтарэсаў спажыўцоў плацежных паслуг у частцы свабоднага выбару такіх паслуг”, — падкрэсліваюць распрацоўшчыкі.
Раней у Беларусі спажыўцы фінансавых паслуг казалі пра так званае зарплатнае рабства, якое, у прыватнасці, азначае, што работнікі абавязаныя атрымліваць зарплату ў банку, вызначаным наймальнікам.
Між тым у Расеі ў 2019 годзе быў прыняты закон, які ўсталяваў адміністрацыйную адказнасць за спробы перашкаджаць работніку самастойна выбраць банк, дзе будзе адкрыты зарплатны рахунак.
Беларускія эканамісты лічаць, што ліквідацыя „зарплатнага рабства” шляхам укаранення базавага рахунку — больш прагрэсіўны варыянт у параўнанні з расейскім шляхам вырашэння гэтай праблемы.
„Укараненне базавага рахунку дазволіць абараніць правы спажыўцоў фінансавых паслуг, выключыць так званае зарплатнае рабства. Як бачым, Нацбанк здолеў знайсці не адміністрацыйнае, а прагрэсіўнае вырашэнне гэтай праблемы, якое будзе спрыяць развіццю добрасумленнай канкурэнцыі на рынку банкаўскіх паслуг”, — адзначыла ў каментары БелаПАН намеснік адміністрацыйнага дырэктара Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна.
Такога ж меркавання прытрымліваюцца і іншыя аналітыкі фінансавага рынку. „Фактычная адмена „зарплатнага рабства” і адкрыццё базавых рахункаў — добрая ініцыятыва для шараговых грамадзян. Рэалізацыя гэтай ініцыятывы Нацбанка будзе спрыяць развіццю канкурэнцыю ў банкаўскім сектары, прымусіць банкі павышаць прывабнасць сваіх фінансавых прадуктаў, каб фізічныя асобы прыходзілі менавіта да іх”, — падкрэсліў старшы аналітык Forex Club Валерый Палхоўскі.