Нацбанк вырашыў не мяняць стаўку рэфінансавання з-за паскарэння інфляцыі
„Фактычна ў I квартале 2019 года інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў крыху павялічылася. Гадавы прырост спажывецкіх цэн у сакавіку 2019 года склаў 5,8% (5,6% у снежні 2018 года). Такая дынаміка цэн абумоўленая галоўным чынам кароткатэрміновымі фактарамі”, — паведамілі ў прэс-службе рэгулятара. Стаўка рэфінансавання была зніжаная з 10,5 да 10% гадавых 27 чэрвеня 2018 года, што стала мінімумам гэтага паказчыка для краіны за апошнія дзесяць гадоў.
Як лічаць у Нацбанку, захаванне стаўкі рэфінансавання на наяўным узроўні будзе спрыяць запаволенню інфляцыйных працэсаў і дасягненню пастаўленай мэты па інфляцыі на 2019 год „на фоне няпэўнасці ўплыву шэрагу ўнутраных і знешніх фактараў на інфляцыйныя працэсы”.
Адзначаецца, што далейшыя рашэнні ў галіне ключавых працэнтных ставак Нацбанка будуць залежаць ад накіраванасці зрушэння балансу паміж інфляцыйнымі і дэфляцыйнымі фактарамі.
Наступнае пасяджэнне праўлення Нацбанка па грашова-крэдытнай палітыцы запланаванае 7 жніўня 2019 года.
Сёлета Нацбанк і ўрад паставілі задачу абмежаваць інфляцыю 5%. Аднак ужо за тры месяцы інфляцыя ў краіне склала 2,6%, або палову гадавога прагнозу. З гэтым паказчыкам Беларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у першым квартале 2019 года.
Нацыянальны банк чакае, што з трэцяга квартала інфляцыя ў Беларусі пачне набліжацца да мэтавага ўзроўню гэтага года.
Між тым эксперты адзначаюць, што існуе высокая верагоднасць адхілення інфляцыі ад мэтавага арыенціру ў 5% паводле вынікаў года. Пра гэта, у прыватнасці, гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным Цэнтрам макраэканамічных даследаванняў „Ашчадбанка Расеі”.
„Паводле нашых ацэнак, інфляцыя можа наблізіцца да 6%, што абмяжоўвае магчымасці рэгулятара па зніжэнні стаўкі рэфінансавання. Акрамя асноўнай мэты манетарнай палітыкі на гэты момант не выконваецца і прамежкавы арыенцір — рост шырокай грашовай масы, які ў сакавіку склаў 12,2% пры мэце 9-12%. Калі НБРБ захоўвае намер паступова перайсці да таргетавання інфляцыі, то рэгулятару давядзецца адкласці вяртанне да цыкла зніжэння стаўкі як мінімум да другой паловы 2019 года”, — робяць выснову аналітыкі „Ашчадбанка”.