Нацбанк вызначыў пералік сістэмна значных банкаў на 2019 год



Нацыянальны банк Беларусі вызначыў пералік сістэмна значных банкаў на перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2019 года.

Як растлумачылі ў прэс-службе Нацбанка, пералік сфармаваны з мэтай абмежавання рызык банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, здольных паўплываць на ўстойлівасць функцыянавання банкаўскай сістэмы. Аднясенне банкаў да ліку сістэмна значных зробленае на падставе абагульненай ацэнкі іх сістэмнай значнасці па такіх паказчыках, як маштаб дзейнасці банка, яго ўзаемазвязанасць з банкамі-рэзідэнтамі, значнасць для эканомікі і ўзаемазвязанасць з нерэзідэнтамі.

Разлік названых паказчыкаў ажыццёўлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі інструкцыі аб парадку вызначэння сістэмна значных банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, зацверджанай пастановай праўлення Нацбанка ад 18 мая 2017 года № 180.

Да групы сістэмнай значнасці I аднесеныя ААТ „АСБ Беларусбанк”, ААТ „Белаграпрамбанк”, ААТ „Белгазпрамбанк”, ААТ „БПС-Ашчадбанк”, ААТ „Банк БелВЭБ”, ААТ „Прыёрбанк”, ААТ „Белінвестбанк”.

Да групы сістэмнай значнасці II аднесеныя ЗАТ „Альфа-Банк”, ЗАТ „МТБанк”, ЗАТ „Банк ВТБ (Беларусь)”, ААТ „Банк Масква-Мінск”, ААТ „Тэхнабанк”, ААТ „Парытэтбанк”.

У Нацбанку адзначылі, што на працягу 2019 года банкам, аднесеным да ліку сістэмна значных, неабходна забяспечыць выкананне нарматываў дастатковасці нарматыўнага капіталу, значэнне якіх вызначаецца з улікам буфера сістэмнай значнасці.

Акрамя таго, у названых банках саветам дырэктараў (назіральным саветам) з ліку яго членаў і работнікаў банка павінен быць сфармаваны камітэт па узнагароджаннях, узначалены незалежным дырэктарам.

Як паведамляў БелаПАН, з 1 студзеня 2018 года для 13 найбуйнейшых банкаў Беларусі былі ўсталяваныя павышаныя патрабаванні да велічыні нарматыўнага капіталу. Гэтыя банкі павінны былі фармаваць нарматыўны капітал з улікам буфера сістэмнай значнасці. Гэты буфер — надбаўка да значэння нарматыву дастатковасці капіталу банка, „якая ўсталёўваецца для абмежавання (зніжэння) негатыўнага ўздзеяння на ўстойлівасць банкаўскай сістэмы, выкліканага пагаршэннем фінансавага стану банка”, адзначалася ў лісце рэгулятара.

Для банкаў, якія апынуліся ў першай групе, буфер сістэмнай значнасці з 1 студзеня 2018 года павінен быў скласці 0,75 працэнтнага пункта, з 1 студзеня 2019-га — 1,5 працэнтнага пункта. Для банкаў, якія ўвайшлі ў другую групу, гэты паказчык роўны 0,5 і 1 працэнтнаму пункту адпаведна.

Інструкцыю аб парадку вызначэння сістэмна значных банкаў Нацбанк зацвердзіў у мэтах удасканалення патрабаванняў да бяспечнага і ўстойлівага функцыянавання банкаў.

belapan.by