Нацбанк зафіксаваў у 2020 рост зваротаў па пытаннях крэдытаў і ўкладаў
У 2020 годзе ў Нацыянальны банк паступіла 2.695 зваротаў грамадзян (у 2019 годзе — 2.198). Пры гэтым колькасць зваротаў у цэнтральны апарат рэгулятара склала 2.518, або 93,4% (у 2019 годзе — 1.946).
Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, з агульнай колькасці зваротаў 378 (14%) складаюць скаргі, 2.283 (84,7%) — заявы, 34 (1,3%) — прапановы.
У 2020 годзе павялічылася колькасць зваротаў грамадзян, што тычыліся крэдытавання: з 514 у 2019 годзе да 634 у 2020-м. Разам з тым колькасць зваротаў са скаргамі на неабгрунтаваную адмову банкаў у выдачы крэдытаў скарацілася з 81 у 2019 годзе да 60 у 2020-м.
Летась таксама назіралася павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян па пытаннях банкаўскіх укладаў (дэпазітаў): з 76 у 2019 годзе да 107 у 2020-м.
За год у Нацыянальны банк паступіў 1.071 зварот па пытаннях дзейнасці банкаў, што складае 38% ад агульнай колькасці зваротаў, якія паступілі ў 2020 годзе. У 2019 годзе было 844 звароты.
У тэрытарыяльным разрэзе найбольшая колькасць зваротаў грамадзян у 2020 годзе паступіла з Менска і Менскай вобласці — 1.133 (42% ад агульнай колькасці) і 394 (14,6%) адпаведна. З Віцебскай вобласці паступіў 301 зварот (11,2%), Гомельскай — 275 (10,2%), Берасцейскай — 224 (8,3%), Гарадзенскай — 186 (6,9%), Магілёўскай — 152 (5,6%), з краін блізкага замежжа — 30 (1,1%).
Як паведамляў БелаПАН, банкі Беларусі правялі ў 2020 годзе маштабную рэструктурызацыю крэдытаў грамадзян з-за складанага фінансавага становішча. На падставе хадайніцтваў арганізацый і фізічных асоб банкамі ў 2020 годзе было заключана прыблізна 13,8 тысячы дадатковых пагадненняў па рэструктурызацыі запазычанасці па крэдытных дагаворах, у тым ліку 8,9 тысячы пагадненняў па крэдытах, выдадзеных фізічным асобам.
Прымаліся рашэнні аб прыпыненні налічэння працэнтаў за карыстанне крэдытамі і непрымяненні штрафных санкцый да крэдытаатрымальнікаў, якія апынуліся ў складаным эканамічным становішчы. Ажыццяўлялася замена валюты абавязацельстваў па крэдытных дагаворах.
Банкаўскі сектар Беларусі ў 2020 годзе таксама сутыкнуўся са значным адтокам дэпазітаў насельніцтва. Агулам за год яны зменшыліся ў нацыянальнай валюце амаль на 800 млн рублёў, у замежнай — амаль на 2 млрд долараў ЗША.