Нацбанк зацвердзіў новыя правілы крэдытавання насельніцтва



Нацыянальны банк зацвердзіў новую інструкцыю, якой камерцыйныя банкі абавязаныя прытрымлівацца пры выдачы крэдытаў фізічным асобам. Адпаведны дакумент апублікаваны 6 красавіка.

Новыя правілы набудуць моц 1 траўня. Галоўная навэла тычыцца ўвядзення паказчыка пазыковай нагрузкі, які банкі павінны разлічваць пры выдачы спажывецкіх крэдытаў фізічным асобам. Гэты паказчык, удакладняе Нацбанк, павінен вызначацца як працэнтныя суадносіны памеру штомесячнага плацяжу па аперацыях крэдытнага характару да памеру сярэднямесячнага даходу пазычальніка.

„Прапанаваны паказчык не павінен перавышаць 40%. У выпадку перавышэння ўсталяванага значэння запазычанасць па такіх крэдытах павінна складаць не больш за 10% ад агульнай сумы запазычанасці па крэдытах на спажывецкія патрэбы. Пры вызначэнні даходаў заяўнікаў можа прымяняцца заяўны прынцып падавання фізічнай асобай гэтай інфармацыі”, — гаворыцца ў інструкцыі Нацбанка.

Акрамя гэтага, у інструкцыі сказана, што пры выдачы крэдытаў на куплю нерухомасці банкі павінны будуць разлічваць „у тым ліку паказчык забяспечанасці крэдыту, які разлічваецца як працэнтныя суадносіны сумы крэдыту да кошту аб`екта нерухомасці, які прымаецца ў залог у якасці забеспячэння, і (або) сумы іншага забеспячэння ў адпаведнасці з дамовай”. Названы паказчык не павінен перавышаць 90%.

Аб змене ўмоў крэдытавання насельніцтва Нацыянальны банк заявіў на мінулым тыдні. „Рост спажыўкрэдытавання ў мінулым годзе збянтэжыў нас, мы асцерагаемся, што банкі могуць грэбаваць рызыкамі ў працэсе крэдытавання насельніцтва”, — заявіў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Лапко, выступаючы ў Мінску на канферэнцыі Fitch Ratings.

У сувязі з гэтым ён паведаміў, што Нацбанк карэктуе ўмовы крэдытавання насельніцтва і беларускія банкі павінны будуць крэдытаваць фізічных асоб з улікам велічыні крэдытнай нагрузкі на пазычальнікаў.

„Планы па ўвядзенні каэфіцыента пазыковай нагрузкі выношвалі даўно і цяпер гэта рашэнне будзем рэалізоўваць”, — паведаміў Лапко.

У 2017 годзе аб`ём спажывецкага крэдытавання ў Беларусі вырас на 75%. Паводле інфармацыі БелаПАН, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, які крэдытуе Беларусь, рэкамендаваў беларускім уладам зрабіць захады па абмежаванні тэмпаў росту спажывецкага крэдытавання.

belapan.by

Фота belmy.by