Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання да 18% гадавых



Стаўка рэфінансавання ў Беларусі 17 жніўня зніжаецца з 20% да 18% гадавых, а стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях Нацыянальнага банка па падтрымцы бягучай ліквіднасці банкаў — з 25% да 23% гадавых. Такія рашэнні прынятыя праўленнем і камітэтам па манетарнай палітыцы Нацбанка 3 жніўня, «зыходзячы з аналізу дынамікі інфляцыйных працэсаў, стану плацежнага балансу і яго бягучага рахунку, сітуацыі на валютным і фінансавым рынках рэспублікі», паведамляе прэс-служба рэгулятара.

Як адзначылі ў прэс-службе, у чэрвені 2016 года інфляцыя запаволілася да 12,1% у гадавым выражэнні. Пры гэтым сярэднямесячны прырост спажывецкіх цэн у другім квартале 2016 года склаў 0,5% (у аналагічным перыядзе 2015 года — 0,8%). «Падобную да гэтай тэндэнцыю паказвае таксама трэндавая інфляцыя, агрэгаваны паказчык якой знізіўся ў чэрвені 2016 года ў дачыненні да чэрвеня 2015 года да 10,3%», — адзначылі ў Нацбанку.

Таксама паведамляецца, што дынаміка грашовых агрэгатаў фарміруе ўмовы для далейшага зніжэння інфляцыі: прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў чэрвені ў гадавым вымярэнні склаў 14,1%.

«Зафіксаванае ў першым паўгоддзі гэтага года пашырэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу было абумоўлена, перш за ўсё, пагаршэннем умоў гандлю энергетычнымі таварамі і падзеннем попыту на калійныя ўгнаенні. Пры гэтым у сферы знешнеэканамічнай дзейнасці, якая не залежыць ад кан’юнктурных фактараў, захоўваецца пазітыўны ўплыў мер эканамічнай карэкціроўкі», — пракаментавалі ў Нацбанку.

З лютага 2016 года, адзначылі ў прэс-службе рэгулятара, фарміруецца чыстая прапанова замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, у тым ліку ў сегменце прадпрыемстваў, а таксама адбываецца паляпшэнне структуры дэпазітнага рынку, перш за ўсё, за кошт пераарыентацыі ўкладчыкаў на безадзыўныя дэпазіты з больш доўгімі тэрмінамі.

«Зніжэнне працэнтных ставак палепшыць здольнасць нефінансавых арганізацый па выкананні крэдытных абавязацельстваў перад банкамі, што зменшыць рызыкі для фінансавай стабільнасці», — адзначылі ў Нацбанку.

«Магчымасці прыняцця далейшых рашэнняў Нацыянальнага банка ў галіне працэнтнай палітыкі будуць вызначацца зыходзячы з адпаведнасці дынамікі інфляцыі прагнознай траекторыі, стану плацежнага балансу і яго асобных складнікаў», — заявілі ў прэс-службе.

Нагадаем, гэта другое за лета зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў Беларусі: 1 ліпеня яна была зніжана з 22% да 20%.