Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання



14 жніўня года стаўка рэфінансавання знізіцца з 10 да 9,5% гадавых. Такое рашэнне прынята 7 жніўня на пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка.

Пры гэтым стаўка па крэдыце авернайт знізіцца з 11,5 да 10,75% гадавых, стаўка па дэпазіце авернайт — з 8,5 да 8,25%.

„У другім квартале 2019 года інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў запаволілася. Ацэнка прыросту спажывецкіх цэн з выключэннем сезоннасці за другі квартал 2019 года паказвае яго зніжэнне ніжэй за мэтавы ўзровень 5%”, — абгрунтоўвае прынятае рашэнне Нацбанк.

На працягу папярэдніх трох кварталаў, нагадвае рэгулятар, прырост спажывецкіх цэн знаходзіўся вышэй за 5%.

„Прынятыя рашэнні ў галіне працэнтнай палітыкі забяспечваюць захаванне яе нейтральнага характару ва ўмовах прагназаванага запавольвання інфляцыйных працэсаў і дасягненне пастаўленай мэты па інфляцыі на 2019 год”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

На думку Нацбанка, зніжэнне ставак па крэдыце авернайт і дэпазіце авернайт забяспечыць звужэнне калідора працэнтных ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў „і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці трансмісійнага механізму грашова-крэдытнай палітыкі”.

„Далейшыя рашэнні ў галіне ключавых працэнтных ставак Нацыянальнага банка будуць залежаць ад суадносін паміж інфляцыйнымі і дэфляцыйнымі фактарамі. Наступнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па грашова-крэдытнай палітыцы запланавана на 6 лістапада 2019 года”, — паведамляе Нацбанк.

Папярэдні раз Нацыянальны банк зніжаў стаўку рэфінансавання ў чэрвені 2018 года — тады ўліковая стаўка паменшылася з 10,5% да 10%. На працягу апошняга года рэгулятар адкладваў зніжэнне стаўкі рэфінансавання і абгрунтоўваў гэта рашэнне некаторым паскарэннем інфляцыйных працэсаў у краіне.

Разам з тым падчас пашыранага пасяджэння праўлення, якое адбылося ў канцы ліпеня, Нацыянальны банк заявіў, што рост спажывецкіх цэн запавольваецца і інфляцыя па выніках года будзе „блізу 5%”, гэта значыць складзецца ў раёне мэтавага ўзроўню.

Нагадаем, у чэрвені спажывецкія цэны знізіліся ў Беларусі на 0,06% у параўнанні з маем. З пачатку года (у параўнанні са снежнем) інфляцыя ў Беларусі склала 2,9%. У гадавым вымярэнні інфляцыя ў чэрвені (у параўнанні з чэрвенем 2018 года) склала 5,7%. Афіцыйная мэта, якую раней паставіў Нацбанк, — забяспечыць інфляцыю ў снежні 2019 года на ўзроўні не большым за 5% у параўнанні са снежнем 2018 года.

БелаПАН