Нацыянальная акадэмія навук плануе стварыць беспілотны грузавік



Спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі прапрацоўваюць ідэю стварэння мадэлі беспілотнага грузавога аўтамабіля, паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 снежня ў Менску старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.

„Акадэмія навук традыцыйна працавала з нашымі вядучымі прадпрыемствамі машынабудавання, — адзначыў ён. — Можа быць, гэта не відаць вонкава, але, напрыклад, той жа „БелАЗ” — яго хадавая частка, трансмісія, цэлыя вузлы і блокі — гэта распрацоўкі НАН. Мы працягваем працаваць з „БелАЗам”, каб гэта быў беспілотны аўтамабіль, кіраваны камп’ютарнай сістэмай”.

Гусакоў таксама паведаміў, што цяпер навукоўцы-распрацоўшчыкі з Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН працуюць над стварэннем манеўранай малагабарытнай камунальнай уборачнай машыны. „Гэта будзе дынамічная і гнуткая невялікая ўборачная машына. Свая — нацыянальная і даступная па кошце. Мадэль ужо ёсць”.

Першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Сяргей Чыжык паведаміў БелаПАН, што першая мадэль гэтай машыны будзе абсталяваная рухавіком унутранага згарання, але ў перспектыве яе задумана выпускаць з электрарухавікоў.

belapan.by