Нацыянальны банк паведаміў пра атаку на грамадзян махляроў
Нацыянальны банк паведаміў пра атаку на грамадзян махляроў, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі банкаў і прапануюць нібы на выгодных умовах узяць крэдыт. Акрамя таго даюць лжывую інфармацыю пра крадзеж невядомымі сродкаў з рахункаў, каб уратаваць грошы, іх трэба перавесці на іншыя рахункі. У выніку людзі губляюць усе сродкі.
“Зараз злачынцы засяродзілі ўвагу на дэпазітныя рахункі грамадзян”, – адзначае юрыст Мікалай Навумаў:
– Падыходы ў махляроў мяняюцца, і часта іх мэтай з’яўляюцца дэпазітныя рахункі, паколькі на іх захоўваюцца вялікія сумы грошай. Вам зноў могуць патэлефанаваць, заявіць, што з вашага дэпазітнага рахунка спрабуюць спісаць грошы або ўвогуле закрыць рахунак. Прапануюць перавесці грошы на бяспечны рахунак. І калі вы такі перавод зробіце, то памятайце, што вы свае грошы згубіце. Махляры пераходзяць ад стратэгіі – ад шматлікіх патроху да стратэгіі – ад аднаго, але шмат.
Суразмоўца нагадвае галоўнае правіла – ніколі сапраўдны прадстаўнік банкаўскай сістэмы не будзе па тэлефоне альбо ў мэсанджары вырашаць нейкае пытанне па рахунку. Максімум могуць запрасіць прыйсці ў бліжэйшае аддзяленне банка.
Беларускае Радыё Рацыя