Навошта “Белнафтахім” зніжае цану на паліва?
Эканаміст Леў Марголін кажа, што такім чынам улады хочуць паказаць бачнасць рыначнага коштаўтварэння.
Нагадаем, што з 16 чэрвеня знізіліся на 1 капейку ўсе кошты паліва. Белнафтахім” патлумачыў, чаму адбылося такое зніжэнне: “у адпаведнасці з прынятай канцэрнам палітыкай паэтапнага змянення коштаў на аўтамабільнае паліва і ў сувязі са зніжэннем коштаў на нафту, якая пастаўляецца на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы”.
Леў Марголін: Калі нехта думае, што зараз кожную нядзелю паліву будзе зніжацца на 1 капейку (а менавіта так адбываецца апошнім часам з падвышэннем коштаў на бензін і салярку), той глыбока памыляецца. Але тут усё проста. Улады вырашылі такім чынам пагуляць у рыначнае коштаўтварэнне. Гэтая тая самая ластаўка, якая вясны не робіць.
РР: Значыцца цэны на паліва працягнуць расці?
Леў Марголін: Адназначна, бо беларуская нафтаперапрацоўка застаецца стратнай і ўжо неаднаразова гучалі заявы, што кошты на паліва ўнутры краіны заніжаны. Таму ўчора на капейку цэны знізілі, а пасля гэтага, скажам, на 5 капеек іх падымуць.
Не ведаю, навошта канцэрн гэта робіць, бо, мне падаецца, што народ ужо досыць спакойна рэагуе на падвышэнне коштаў на паліва. Мабыць, хочуць стварыць антураж, што ў Беларусі таксама рынкавая эканоміка. Але ўсім і так усё зразумела.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя