Навошта ўлады ўспомнілі пра «старыя граблі»?



Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб распавёў, чаму ўлады так імкнуцца давесці сярэдні заробак да 500 даляраў.

На гэтым тыдні кіраўнік краіны двойчы заявіў, што трэба зрабіць усё, каб у наступным годзе ў беларусаў сярэдні заробак быў 500 даляраў у месяц, хаця эканамісты сцвярджаюць, што зрабіць гэта ў сённяшніх эканамічных умовах проста немагчыма.

«У 2017 годзе – памерці, але трэба выйсці на 500 даляраў, — сказаў Лукашэнка ўчора, адказваючы на пытанні расейскіх журналістаў. – Я буду рабіць усё дзеля таго, каб мы выйшлі на 500».

Вадзім Іосуб: Мне здаецца, што ў заявах пра 500 даляраў ёсць пэўная супярэчлівасць, бо падчас іх прысутнічае спасылка і на падвышэнне вытворчасці працы. З аднаго боку спачатку заяўляецца, што трэба «памерці», але падвысіць заробак да 500 даляраў, з іншага кажуць і пра іншыя ўмовы падвышэння. Таму тут пытанне: ці трэба падвышаць заробкі, калі росту вытворчасці працы не будзе? Ці гэта трэба зрабіць любой цаной? Але хутка дасягнуць росту вытворчасці працы можна альбо пры ўмове, калі на трэць павялічыць вытворчасць прадукцыі, якая б прадавалася. Альбо пры тым жа ўзроўні вытворчасці на трэць скараціць колькасць занятых там. Але я сумняваюся, што гэта некаму патрэбна, бо ў нас да гэтага часу нармальна не запрацавала сістэма дапамогі беспрацоўным.

РР: На ваш погляд, да чаго прывядуць гэтыя заклікі падвысіць заробкі да 500 даляраў?

Вадзім Іосуб: Думаю, усё гэта трансфармуецца ў размовы, што неабходна аптымізаваць колькасць работнікаў і падвышаць вытворчасць працы. Уласна кажучы, размовы так і застануцца размовамі, але ўключаць друкавальны станок, каб раздаць усім па 500 даляраў, улады, спадзяюся, не будуць. Таму што, калі гэта зробяць, усё будзе вельмі сумна. Будзе гарантаваны рост інфляцыі і рэзкая дэвальвацыя рубля. Мне падаецца, што гэта абсалютна ўсе ўжо разумеюць, каб у чарговы раз не наступаць на старыя граблі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя