Навошта зніжаюць стаўку рэфінансавання?



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч выказаў сваю версію таго, чаму ў чарговы раз знізяць стаўку рэфінансавання.

З 1 ліпеня стаўка рэфінансавання зніжаецца з 8 да 7,75% гадавых, стаўка па крэдыце авернайт — з 9 да 8,75%, па дэпазіце авернайт — з 7 да 6,75%.

Напярэдадні на нарадзе па пытаннях банкаўскай сферы пра тое, што неабходна знізіць стаўку рэфінансавання заявіў Аляксандр Лукашэнка, і Нацбанк аператыўна адрэагаваў.

Станіслаў Багданкевіч: Асабіста я лічу, што сёння зніжэнне стаўкі несвоечасовае, бо эканоміка не развіваецца, няма росту валавага прадукта. І ў той жа час шырокая грашовая маса вырасла супраць запланаванага на гэты год ліміта амаль у два разы. Гэта пагражае інфляцыяй і дэвальвацыяй нацыянальнай валюты.

Калі б былі высокія тэмпы роста валавага прадукта, то нічога страшнага не адбылося б. Гэтую грашовую масу паглынуў бы рост прадукта. Але сітуацыя іншая. У нас наадварот зараз назіраецца рэцэсія.

РР: Тады навошта Лукашэнка рэкамендаваў знізіць стаўку рэфінансавання?

Станіслаў Багданкевіч: Мне падаецца, што дасягненне нашага ўрада і Нацбанк на грашова-крэдытным рынку – стабільнасць у плане роста цэнаў і валютнага курса – можа быць страчана. І наўрад ці патрэбна гэтым рызыкаваць, да гэтага часу Нацбанк на такія рызыкі не ішоў.

А зараз, наколькі я разумею, Лукашэнка дзеля таго, каб прыцягнуць на свой бок насельніцтва і не дапусціць выхада людзей на вуліцы, спрабуе і пенсіі падняць, і заробкі бюджэтнікам, і стаўку рэфінсавання знізіць. Зніжэнне стаўкі вядзе да таго, што крэдыты для эканомікі стануць больш танныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя