Не толькі з-за палітыкі, але і коштаў Літва не купіць энергію з беларускай АЭС



Міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас адзначае, што рашэнне не купляць электраэнергію з будучай беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы абумоўлена не толькі палітычным рашэннем, істотная падстава для гэтага – эканамічныя ўмовы. Па словах літоўскага міністра, прадаваць электраэнергію ў Еўразвяз Беларусь на сёння можа толькі праз Літву, таму і будуе БелАЭС у Астраўцы побач з беларуска-літоўскай мяжой. Па падліках літоўскага Міністэрства энергетыкі, кошты беларускай электрычнасці будуць падобнымі да тых, што рэалізуюцца расейскай кампаніяй «Росатам» у Фінляндыі, то бок 50 еўра за мегават. У той час як сёння кошт энергіі на ўнутраным літоўскім рынку каля 35 еўра.

Разам з тым Жыгімантас Вайчунас дзякуе польскім уладам за салідарнасць у адмове купляць энергію з беларускай АЭС і адзначае, што станцыя ў Астраўцы будуецца насуперак рэкамендацыям МАГАТЭ, згодна з якімі АЭС не можа быць пабудавана на адлегласці, меншай за 100 кіламетраў ад буйных гарадоў. У выпадку аварыі ў Астраўцы будзем мець толькі дзве гадзіны для таго, каб эвакуяваць жыхароў Вільні, – адзначыў Жыгімантас Вайчунас у інтэрв’ю польскаму выданню «Dziennik Gazeta Prawna».