Не занятыя ў эканоміцы грамадзяне будуць плаціць за ацяпленне і газ па поўным тарыфе



Не занятыя ў эканоміцы грамадзяне з 1 кастрычніка будуць плаціць за ацяпленне і газ па поўным тарыфе. Адпаведная норма была замацаваная ў пастанове Саўміна № 314 ад 24 красавіка 2018 года.

Зараз поўны тарыф на ацяпленне складае 88,99 рубля за 1 Гкал, у той час як субсідаваны дзяржавай – 18,4831; на прыродны газ з індывідуальнымі лічыльнікамі ўліку – 0,4319 рубля за 1 куб. метр, субсідаваны – 0,0119.

Інфармацыю пра ўключэнне ў спісы незанятых можна атрымаць пры аплаце ЖКП праз АРІП, а з 11 лютага гэтага года – на партале Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг пры наяўнасці электроннага лічбавага подпісу або ўнікальнага ідэнтыфікатара (лагіна і пароля).

Пасля пратэстаў, якія пракаціліся па краіне ў лютым–сакавіку 2017 года супраць дэкрэта «аб дармаедах», дакумент быў скарэктаваны, але не адменены. 25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 «Аб змене дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». На змену дэкрэтам «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» прыйшоў дэкрэт «Аб спрыянні занятасці насельніцтва».

На яго падставе ўлады распрацавалі базу дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якая запрацавала 1 снежня мінулага года. Згодна з заканадаўствам, унесеныя ў гэтую базу грамадзяне будуць абавязаныя плаціць за дзяржпаслугі ў поўным аб’ёме.

У снежні мінулага года міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч паведаміла, што ў базу дадзеных трапіла каля 500 тыс. чалавек. Пры гэтым у міністэрстве пакуль не валодаюць дакладнай інфармацыяй пра колькасць грамадзян, якія паводле дэкрэта № 3 будуць аплачваць поўны кошт ЖКП. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра Андрэй Лабовіч 31 студзеня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце ведамства. «У цяперашні час яшчэ працягваецца работа па фармаванні спісу тых, хто будзе аплачваць па поўным тарыфе жыллёва-камунальныя паслугі. Такім чынам, паведаміць дакладна пра колькасць такіх грамадзян зараз немагчыма», – адзначыў намеснік міністра.

У прэс-службе Мінпрацы і сацабароны таксама не змаглі адказаць БелаПАН пра колькасць грамадзян, якія будуць плаціць па поўным тарыфе. «Над базай працуем у штатным рэжыме. Пакуль без лічбаў», – заявілі ў міністэрстве.

БелаПАН