Негатыўны ўплыў з-за пандэміі адчулі 80% малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі



Пандэмія зрабіла негатыўны ўплыў на 80% малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі, сведчаць вынікі даследавання, якое падрыхтаваў беларускі офіс міжнароднай кампаніі KPMG.

Даследаванне праводзілася ў межах праекта ПРААН, у ім узялі ўдзел 420 прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў з 82 рэгіёнаў Беларусі.

Падчас апытання 80% прадстаўнікоў суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва заявілі аб тым, што адчулі негатыўны ўплыў пандэміі на сваю дзейнасць. Найбольшы адмоўны эфект адчулі прадпрымальнікі ў Гарадзенскай вобласці і ў Менску — там пра негатыўны ўплыў пандэміі заявілі 92% і 87% апытаных адпаведна.

Паводле слоў прадстаўнікоў бізнесу, негатыўны ўплыў пандэміі быў звязаны са скарачэннем выручкі, на яе значнае зніжэнне паказалі 62% апытаных, 55% рэспандэнтаў сутыкнуліся са стратай кліентаў.

Паводле вынікаў даследавання, мацней за ўсё з-за каронакрызісу пацярпелі кампаніі, якія займаліся пасажырскімі перавозкамі, турызмам, грамадскім харчаваннем, арэндай, рэкламай і грузаперавозкамі.

Вынікі даследавання таксама паказалі, што пандэмія негатыўна паўплывала на вытворчую дзейнасць малога і сярэдняга бізнесу. Пра зніжэнне вытворчасці падчас апытання паведамілі 47% прадстаўнікоў сярэдніх кампаній, 50% малых, 64% мікрапрадпрыемстваў (з колькасцю работнікаў да 15 чалавек) і 66% індывідуальных прадпрымальнікаў, занятых выпускам прадукцыі.

На думку беларускіх эканамістаў, у 2021 годзе пандэмія будзе працягваць рабіць уплыў на вынікі працы беларускага бізнесу.

„Відаць, каронавірусная інфекцыя ў гэтым годзе ў свеце не будзе цалкам пераможаная і розныя абмежаванні на перамяшчэнне людзей будуць захоўвацца. Таму верагодна, што такія віды дзейнасці, як пасажырскі транспарт, грамадскае харчаванне і ўжо тым больш турызм не змогуць выйсці ў гэтым годзе на дакавідныя паказчыкі працы”, — выказала здагадку ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

Эксперт у гэтай сувязі адзначыла, што многім прыватным кампаніям, якія займаюцца пералічанымі відамі дзейнасці, дагэтуль у Беларусі не была аказаная належная дзяржпадтрымка, хоць дзяржсектар яе атрымаў.

„Узровень занятасці і зарплат у пацярпелых галінах істотна скараціўся. Таму незразумела, чаму дзяржпрадпрыемствам фінансавая дзяржпадтрымка аказвалася, а турыстычныя кампаніі і арганізацыі грамадскага харчавання такую падтрымку не атрымалі. Бо ва ўсіх гэтых кампаніях, а не толькі ў дзяржаўных, працуюць грамадзяне нашай краіны”, — падкрэсліла Барнукова.

Год таму Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра першы выпадак заражэння каронавірусам. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на 28 лютага агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 287.306, памерла 1.976 пацыентаў з каронавірусам, паправіліся 277.995. Усяго праведзена 4.898.038 тэстаў.

belapan.by