Неплацяжы заганяюць у даўгавую яму мясцовыя бюджэты



Міністэрства фінансаў занепакоенае аб`ёмамі назапашаных мясцовымі бюджэтамі абавязацельстваў, заявіў міністр фінансаў Максім Ермаловіч на штогадовай пашыранай калегіі міністэрства. Даклад міністра апублікаваны ў апошнім нумары часопіса „Финансы, учет, аудит” і размешчаны на сайце Мінфіна.

Як адзначыў Ермаловіч, аб`ём назапашаных абавязацельстваў мясцовымі бюджэтамі „ўжо стварае рызыкі выканання базавых выдаткаў, разлікаў з банкамі і іншымі суб`ектамі гаспадарання”.

„Неплацяжы заганяюць у даўгавую яму як самі мясцовыя бюджэты, так і звязаныя з імі арганізацыі”, — падкрэсліў Ермаловіч.

Ён адзначыў, што „рэспубліканскі бюджэт знаходзіцца ў значна больш складаным становішчы, чым раней”, і аказваць падтрымку мясцовым бюджэтам „у ранейшым памеры не ў стане”.

Да таго ж, падкрэсліў міністр, „у пачатку 2020 года працаваць даводзіцца ў вельмі складаных абставінах” у сувязі са зніжэннем аб`ёмаў экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў.

„Фіксуецца істотны недабор даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці”, — заявіў Ермаловіч.

Без аптымізацыі выдаткаў не абысціся, падкрэсліў міністр.

„У сувязі з гэтым ад рэгіёнаў чакаецца вызначэнне першачарговых выдаткаў, якія неабходна фінансаваць. Гаворка ідзе пра заработную плату, сацыяльную сферу; сектары, звязаныя з аказаннем бюджэтных паслуг. У аснове палітыкі на ўсіх узроўнях бюджэтнай сістэмы сёння павінна стаяць рэалізацыя мер па эканомным выкарыстанні наяўных сродкаў”, — падкрэсліў Ермаловіч.

Неабходна выключыць любыя неабгрунтаваныя траты, дадаў ён.

„У першую чаргу гэта датычыцца плана закупак. Разам з абласцямі трэба крытычна пераасэнсаваць усе пажаданні арганізацый і пакінуць толькі тое, без чаго сапраўды нельга абысціся”, — сказаў Ермаловіч.

У Мінфіна, паведаміў ён, выклікае занепакоенасць і стан спраў з пададзенымі банкам гарантыямі па крэдытах суб`ектаў гаспадарання.

„Тут фінансавая дысцыпліна яшчэ горшая. Арганізацыі часцяком злоўжываюць адным са спосабаў іх падтрымкі. Працу ў гэтай галіне патрабуецца ўзмацніць, а прадпрыемствам пара вырашаць пытанні эфектыўнай дзейнасці самастойна і несці адказнасць за нядбайнае выкарыстанне бюджэтнай падтрымкі”, — заявіў Ермаловіч.

БелаПАН