Нігерыя плануе запусціць зборку беларускіх трактароў



У Нігерыі плануецца стварыць зборачную вытворчасць беларускіх трактароў, паведаміў журналістам 27 сакавіка ў Менску пасол Нігерыі ў Расеі і Беларусі па сумяшчальніцтве Стыў Дэвіс Угба перад пачаткам бізнес-семінара „Афрыка. Экспартныя перспектывы”.

Паводле яго слоў, на наступным тыдні ён плануе вярнуцца ў Менск з „невялікай дэлегацыяй” нігерыйскіх бізнесменаў „для таго, каб наладзіць кантакты з мясцовымі бізнесменамі і пачаць супрацу”. „У нас будуць вельмі сур’ёзныя перамовы з Менскім трактарным заводам, і мы спадзяемся, што ў хуткай будучыні мы зможам адкрыць сумеснае прадпрыемства па зборцы і вытворчасці трактароў”, — сказаў кіраўнік дыппрадстаўніцтва.

Пры гэтым ён лічыць, што краіны „дастаткова павольна будуюць дачыненні”. „Але асноўная сфера нашага супрацоўніцтва — бяспека. На працягу многіх гадоў Беларусь з’яўляецца важным партнёрам у гэтай сферы, і мы атрымалі досыць моцную падтрымку ў дачыненні да Узброеных сіл”, — заўважыў Угба.

Дыпламат падкрэсліў, што абедзве краіны хочуць пашырыць сферы ўзаемадзеяння і гэтаму садзейнічае правядзенне гэтага бізнес-семінара. „Мы раскажам пра патэнцыял нашага рынку і эканомікі, абмяняемся інфармацыяй”, — расказаў пасол.

Паводле звестак Белстата, тавараабарот паміж Беларуссю і Нігерыяй у 2017 годзе склаў 27 млн 55,2 тыс. долараў, на 40,7% больш, чым у 2016 годзе. Экспарт вырас у 2,2 раза да 22 млн 33,5 тыс. долараў, імпарт знізіўся на 45,1% і склаў 5 млн 21,7 тыс. долараў. Станоўчае для Беларусі сальда склала 17 млн 11,8 тыс. долараў.

За першы месяц 2018 года тавараабарот знізіўся на 24,1% да 817,9 млн долараў, у тым ліку экспарт знізіўся на 63,1% да 290 тыс. долараў, а імпарт вырас на 81,7% да 527,9 тыс. Адмоўнае для Беларусі сальда склала 237,9 тыс. долараў.

БелаПАН