Новае даследаванне BEROC: Падзенне даходаў у Беларусі працягваецца



Незалежны аналітычны цэнтр BEROC зладзіў анлайн-прэзентацыю новых матэрыялаў Маніторынгу эканомікі Беларусі за кастрычнік 2023 года. Сярод асноўных вынікаў: каля траціны беларусаў не адчуваюць транслюемага дзяржаўнай статыстыкай росту заробкаў у Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота.

Кажа малодшы навуковы супрацоўнік BEROC Віялета Панасевіч:

– Доля людзей, якія паведамляюць пра зніжэнне сваіх даходаў, скарачаецца, цяпер іх 31%. Як звычайна, асноўныя прычыны ў скарачэнні даходу, гэта рост цэн і змена курсу рубля да замежных валютаў. Калі паглядзім больш дэталёва, хто ж гэтыя людзі, то гэта супрацоўнікі сельскай гаспадаркі, будаўнікі ды і IT сферы. Калі мы пытаем, як яны спраўляюцца з падзеннем даходаў, то важна адзначыць тэндэнцыю ў ашчаджэнні на ежы. У лідарах, як звычайна ашчаджанне на адпачынку, што ў цэлым заканамерна для людзей, у якіх скарачаюцца даходы.

Вынікі апытання прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу Беларусі за восень 2023 года прадставіў Радзівон Марозаў:

– Пыталі ў бізнеса, што адбываецца з іх вытворчасцю і продажам. Сітуацыя наступная, вытворчасць і продажы раслі, у цяперашні момант продажы ў нейтральнай зоне. У далейшым чакаецца рост вытворчасці і продажаў. Калі на пачатку 2023 года бізнес спадзяваўся, што ўсё будзе лепш, то сітуацыя выглядае па-іншаму. Заўтра хутчэй за ўсё будзе горш, чым учора.

Па звестках BEROC, беларусы актыўна карыстаюцца магчымасцю ўзяць крэдыт. Гаворачы аб занятасці, 43 працэнты апытаных адзначылі, што на іх месцы работы не хапае кадраў. На патэнцыйна нізкія заробкі ў Беларусі наракае 70% апытаных.

Беларускае Радыё Рацыя