Новая тарыфная сетка і базавая стаўка для аплаты працы бюджэтнікаў
Згодна з пастановай урада, тарыфная стаўка першага разраду з 1 студзеня 2020 года будзе замененая на базавую стаўку — 180 рублёў.
Пастанова Савета міністраў „Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый” апублікаваная 5 сакавіка на Нацыянальным прававым партале.
Да дакумента прыкладаецца новая тарыфная сетка (18-разрадная замест цяперашняй 27-разраднай), згодна з якой будуць разлічвацца заработныя платы бюджэтнікаў. Яна пачне дзейнічаць з 2020 года.
Міністэрству працы і сацыяльнай абароны даручана да 1 чэрвеня гэтага года вызначыць умовы аплаты працы работнікаў дзяржаўных органаў, якія не з’яўляюцца дзяржслужачымі і вайскоўцамі.
Пастанова прынятая з мэтай выканання ўказа прэзідэнта „Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый” ад 18 студзеня гэтага года. Ён усталяваў раўнамерную дыферэнцыяцыю тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтнай сферы за кошт увядзення новай тарыфнай сеткі з розніцай паміж каэфіцыентамі не менш за 6%, а таксама ўжыванне базавай стаўкі.
Указ таксама прадугледжвае ўніфікацыю структуры зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы — у яе складзе будуць аклад, а таксама стымулюючыя і кампенсацыйныя выплаты. Упарадкоўваюцца выплаты, звязаныя з галіновай спецыфікай.
Пры ўвядзенні новых умоў аплаты працы не дапускаецца зніжэнне наяўнага ўзроўню зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый.
Указ накіраваны „не на падвышэнне аплаты працы, а на яе ўдасканаленне”, заявіла журналістам 25 лютага міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Яго мэта — прастата пры фарміраванні і налічэнні зарплаты. Ставіцца задача, каб суадносіны зарплаты ў бюджэтнай сферы да зарплаты па краіне былі не ніжэйшымі за 80%, адзначыла Касцевіч.
27 лютага на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры верхняй палаце парламента міністр фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што падвышэнне зарплат бюджэтнікам сёлета плануецца правесці двойчы — у маі і верасні.
Паводле яго слоў, задача забяспечыць аплату працы бюджэтнікаў на ўзроўні не ніжэйшым за 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне не была выкананая ні ў 2018 годзе, ні ў студзені гэтага. „Гэтую задачу мы абавязаныя ў 2019 годзе вырашыць”, — падкрэсліў Ермаловіч, дадаўшы, што такое развіццё падзей прадугледжанае мэтавым бюджэтным сцэнарыем на 2019 год.
Паводле звестак Белстата, у студзені сярэдняя зарплата па краіне склала 982 рублі, у бюджэтных арганізацыях — 755,2 рубля.
Згодна з планамі ўрада, у 2019 годзе сярэдняя зарплата ў Беларусі павінна скласці не менш як 1.025 рублёў, а зарплата ў бюджэтным сектары павінна дасягнуць 820 рублёў.