Новазеландскі пастаўшчык адмовіўся ад прадукцыі „Беларуськалія”



Кампанія Ravensdown, якая забяспечвае палову патрэбы Новай Зеландыі ў мінеральных угнаеннях, адмовілася ад беларускага хлоркалію на карысць канадскай прадукцыі, паведамляе новазеландская медыякампанія Stuff.

Менеджар па камунікацыях Ravensdown Гарэт Рычардс заявіў, што Беларусь — адзін з найбуйнейшых вытворцаў мінеральных угнаенняў у свеце, аднак кампанія бачыць рост напружанасці ў гэтай краіне.

„Мы па-ранейшаму з асцярожнасцю ставімся да падзей і, сярод іншага, займаемся кіраваннем рызыкамі. Гэта заахвоціла нас забяспечыць летась дастаўку (угнаенняў. — БелаПАН.) з Канады”, — сказаў Рычардс.

У мінулым годзе частка работнікаў „Беларуськалія” выказалі недавер афіцыйным вынікам прэзідэнцкіх выбараў і арганізавалі страйкавы рух. Паводле дадзеных страйкавага камітэта, іх актыўнасць прывяла да таго, што работнікаў, якія далучыліся да пратэстнага руху, сталі звальняць. Нарвежская кампанія Yara, адзін з найбуйнейшых пакупнікоў беларускіх калійных угнаенняў, выказала занепакоенасць становішчам на „Беларуськаліі”.

Прадстаўнікі страйкавага руху сёлета неаднаразова заклікалі Yara спыніць супрацоўніцтва з „Беларуськаліем”, аднак ніякіх публічных заяў аб спыненні супрацоўніцтва з боку нарвежскай кампаніі не было.

Між тым у Беларусі сёлета працоўнае заканадаўства ў частцы арганізацыі і правядзення забастовак стала яшчэ больш жорсткім. Так, 30 чэрвеня набывае моц закон „Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін”. У адпаведнасці з ім Працоўны кодэкс дапаўняецца новымі падставамі звальнення па ініцыятыве наймальніка. У прыватнасці наймальнік атрымае права звальняць работнікаў за „адсутнасць на працы ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які перашкаджае выкананню працоўных абавязкаў”.

Акрамя гэтага, могуць быць звольненыя асобы за „прымус работнікаў да ўдзелу ў страйку, стварэнне іншым работнікам перашкод для выканання іх працоўных абавязкаў, заклік работнікаў да спынення выканання працоўных абавязкаў без уважных прычын”.

Акрамя таго, звальненне пагражае за „ўдзел работніка ў незаконным страйку, а таксама пры іншых формах адмовы работніка ад выканання працоўных абавязкаў (цалкам або часткова) без уважных прычын”.

Разам з гэтым, паведаміла Мінпрацы ў афіцыйным каментары да прынятага закона, Працоўны кодэкс дапаўняецца нормай, „паводле якой пры правядзенні забастовак забараняецца вылучэнне палітычных патрабаванняў”.