Новы завод „БелДжы” пачне вытворчасць аўтамабіляў у жніўні
Новы завод „БелДжы” пачне серыйную вытворчасць аўтамабіляў у жніўні, паведаміў журналістам першы намеснік міністра прамысловасці Беларусі Генадзь Свідзерскі.
„У жніўні плануем эксплуатацыйныя выпрабаванні завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Па поўным тэхналагічным цыкле пройдуць 222 аўтамабілі, яны будуць вырабляцца ў бесперапынным рэжыме, – сказаў Генадзь Свідзерскі. – У жніўні пяройдзем да стадыі серыйнай вытворчасці і экспартных паставак аўтамабіляў”.
Доследная партыя аўтамабіляў была сабрана па поўным тэхналагічным цыкле ў чэрвені. Генадзь Свідзерскі падкрэсліў, што абсталяванне паказала сябе эфектыўным і адпаведным патрабаванням тэхнічнага задання. Мадэльны рад арыентаваны на розныя цэнавыя сегменты.
Як паведамлялася, праектная магутнасць новага завода пад Барысавам на першым этапе складзе 60 тыс. машын у год. На ўжо існуючым заводзе наладжана вытворчасць красовера Geely Emgrand X7, седана Geely SC7 і хэтчбэка Geely LC Cross.