Новым кіраўніком ААТ „Гродна Азот” прызначаны Ігар Ляшэнка



Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня ўзгадніў прызначэнне Ігара Ляшэнкі новым кіраўніком ААТ „Гродна Азот”, паведаміў тэлеграм-канал „Пул Першага”.

Папярэдні генеральны дырэктар прадпрыемства Ігар Бабыр кіраваў ім з 21 лістапада 2017 года.

Ігар Ляшэнка нарадзіўся 5 лістапада 1974 года, вучыўся на эканамічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога з 1997 года працаваў на Гомельскім хімічным заводзе. Ён пачаў кар’еру з пасады інжынера аддзела маркетынгу, пазней займаў пасаду начальніка планава-эканамічнага аддзела, а ў 2006 годзе стаў дырэктарам прадпрыемства.

У верасні 2013 года Ляшэнка стаў першым намеснікам старшыні канцэрна „Белнафтахім”. У ліпені 2014-га ўзначаліў канцэрн. З 18 жніўня 2018 года займаў пасаду намесніка прэм’ер-міністра. З чэрвеня 2020 года ўзначальваў прадстаўніцтва „Гомельтранснафта Дружба” ў Менску.

ААТ „Гродна Азот” уваходзіць у склад найбольш буйных хімічных прадпрыемстваў краіны, якія ўтвараюць аснову яе нафтахімічнага комплексу.

У жніўні 2020 года тысячы работнікаў прадпрыемства падпісаліся пад заявай аб нязгодзе з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Супрацоўнікі „Гродна Азота” заявілі, што большасць тэхналагічных цэхаў не можа спыніць працу з-за бесперапыннай вытворчасці, у адваротным выпадку можа нават адбыцца тэхнагенная катастрофа. Рамонтнікі завода спрабавалі страйкаваць, аднак пратэсты спыніла кіраўніцтва прадпрыемства.

Каля 30 супрацоўнікаў прадпрыемства былі звольненыя пасля таго, як 26 кастрычніка далучыліся да страйку. Беларускі незалежны прафсаюз „Гродна Азота” падаў у суд іск, каб аднавіць некаторых звольненых на працы.

belapan.by