Новыя эканамічныя санкцыі супраць Расеі рыхтуюць у Еўразвязе
У 12-м пакеце санкцый Еўразвязу, які зараз рыхтуецца, будуць абмежаванні як па экспарце, так і па імпарце. Як піша Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы, у санкцыйныя спісы ўключаць 100 фізічных і 40 юрыдычных асоб. Па дадзеных агенцтва, сярод запланаваных экспартных абмежаванняў – забарона на пастаўкі з Еўразвязу ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння, зварачнага абсталявання, хімікатаў і любых тэхналогій, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах.
Па імпарце чакаецца адмова ад закупак расейскіх металаў, алюмініевых вырабаў, матэрыялаў для будаўніцтва і алмазаў. Акрамя таго, верагодна, у санкцыйны спіс уключаць шмат новых замежных кампаній, якія, як лічаць у ЕС, дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.
Нарэшце, важнай часткай 12-га пакета стане кантроль за выкананнем экспартнай столі на расейскую нафту ў $60, піша Office Life.
Кантроль грузаў на мяжы з Беларуссю стане больш жорсткім
Мытня Літвы з лістапада ўзмацняе жорсткасць кантролю транзітных грузаў, якія накіроўваюцца ў трэція краіны праз Беларусь і Расею. Размова ідзе пра больш дакладную праверку правільнасці класіфікацыі тавараў, што вывозяцца з Літвы. У заяве мытні адзначаецца, што ёсць выпадкі спроб абыходу санкцый шляхам няправільнага ўказання кодаў і наменклатур. Таму пры вывазе тавараў у краіны Цэнтральнай Азіі і Каўказа мытнікі будуць праводзіць праверку класіфікацыі ў тым ліку з адборам проб і правядзеннем лабараторных даследаванняў, піша zerkalo.io.
У літоўскім ведамстве папярэдзілі, што праз узмацненне кантролю, тэрміны мытнага афармлення экспартных працэдур могуць павялічыцца.
1 лістапада рашэнне літоўскага боку пракаментавалі ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі. “Улады Літвы працягваюць прыдумляць новыя абмежаванні для павелічэння чэргаў на мяжы з Беларуссю..”, – заявілі там.
Колькі кіроўцаў заплацяць павышаны транспартны падатак?
Як мінімум 2400 люксавых аўтамабіляў абкладуць падвышаным транспартным падаткам з наступнага года. Пра гэта заявіла дэпутат Святлана Барташ, піша “Зеркало”. Такую заяву дэпутат зрабіла да таго, як у Палаце прадстаўнікоў прынялі праект змененага Падатковага кодэкса, у якім прапісана такая мера. Складаць спіс аўтамабіляў павышанай камфортнасці, уладальнікам якіх давядзецца плаціць павышаны ў 10 разоў транспартны падатак, будзе ўрад.
Нагадаем, з 2024 года могуць змяніцца стаўкі транспартнага падатку. У прыватнасці, праектам Падатковага кодэкса прадугледжана іх дзесяціразовае павышэнне для люксавых аўтамабіляў не старэйшых за тры гады. Таксама чыноўнікі маюць намер павысіць стандартныя стаўкі транспартнага падатку. Напрыклад, за легкавы аўтамабіль зараз трэба плаціць 61 рубель у год, а хочуць падняць да 66 рублёў. Па падвышанай стаўцы выйдзе 660 рублёў.
Штучны інтэлект хочуць абмежаваць
У Вялікабрытаніі распачаўся Саміт, дзе будуць абмяркоўваць пагрозы ад выкарыстання штучнага інтэлекту.
Саміт AI сабраў сябраў групы G7 і прадстаўнікоў Еўразвязу, аднак прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на саміт не прыбудзе. Ініцыятыву ўзначальвае прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак, ён папярэджвае, што штучны інтэлект прыносіць новыя небяспекі і страхі, што змякчэнне наступстваў яго выкарыстання павінна стаць глабальным прыярытэтам. Глабальныя намаганні па абмежаванні бескантрольнага развіцця прасунутых алгарытмаў відавочна паскараюцца. Адсутнасць Байдэна не азначае, што ЗША выходзяць з агульнага фронту. Вашынгтон стварае ўласную структуру для штучнага інтэлекту, Канада таксама, піша выданне Rzeczpospolita.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.